У тэлеграм-канале тэлеканала апублікавана відэа з сыстэмай СПА каля будынку Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў пацьвердзіў, што гэта комплекс «Панцыр-С1».
Паводле яго слоў, гэта, відаць, стала нармальнай практыкай у кантэксьце ўсталяваньня аналягічных комплексаў у Нова-Агарове каля рэзыдэнцыі Пуціна, на даху будынка Мінабароны Расеі і на даху офіс-цэнтру недалёка ад Крамля.
Днём раней выданьне Msk1.ru пісала, што на назіральнай пляцоўцы Варабʼёвых гор паставілі трохмэтровы плот, а на абгароджанай тэрыторыі стаяць два грузавікі ў камуфляжнай расфарбоўцы, падобныя да вайсковай тэхнікі. Вайсковы экспэрт Аляксандар Храмчыхін выказаў меркаваньне, што гэта сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы.
Пуцін выступіў у «Лужніках», дзе праходзіць мітынг-канцэрт, фармальна прысьвечаны Дню абаронцы Айчыны. Сайт «Медуза» піша, што Пуцін коратка павіншаваў прысутных, праслухаў гімн і сышоў.
Тэлеграм-канал «Можем объяснить» раней пісаў, што практычна ўсе апытаныя людзі заявілі, што прыйсьці на канцэрт іх прымусілі. У асноўным гэта супрацоўнікі бюджэтных устаноў, якіх пасадзілі па сэктарах. Карэспандэнт выданьня таксама расказаў, што сам стадыён ніяк не ацяпляецца і там вельмі холадна.
Ставіць комплексы «Панцыр-С1» каля Мінабароны і рэзыдэнцый Пуціна пачалі сёлета ў студзені. Да гэтага ў сьнежні вайсковыя аэрадромы ў Разанскай і Саратаўскай абласьцях Расеі былі атакаваныя бесьпілётнікамі. У выніку гэтых атак загінулі некалькі расейскіх вайскоўцаў. Удары па аэрадромах, зь якіх узьлятаюць расейскія вайсковыя самалёты, што наносяць удары па цывільнай інфраструктуры Ўкраіны, расейскае Мінабароны назвала тэрактамі. Таксама там заявілі, што атакі былі зьдзейсьненыя ўкраінскімі бесьпілётнікамі. Украінскія ўлады афіцыйна датычнасьць да здарэньня не пацьвярджалі.