Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне за год вайны зафіксавалі сотні выпадкаў сэксуальнага гвалту расейцаў над жанчынамі, мужчынамі, дзецьмі і прадстаўнікамі ЛГБТ

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Папярэджаньне: у матэрыяле ёсьць апісаньне сцэн гвалту і псыхалягічных траўмаў.

З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пачала зьяўляцца інфармацыя пра сэксуальны гвалт з боку расейскіх вайскоўцаў у дачыненьні да цывільных грамадзян Украіны — жанчын, мужчын, дзяцей і прадстаўнікоў ЛГБТ.

Як паведаміў тэлеканал «Настоящее время», праз год улады Ўкраіны зафіксавалі сотні такіх выпадкаў, а ў сувязі з дэакупацыяй раней захопленых тэрыторый пра такія выпадкі становіцца ўсё больш вядома. Пры гэтым ня ўсе пацярпелыя пагадзіліся на перадачу справаў у суд.

Улічваючы маштабы такіх выпадкаў, у верасьні 2022 году ў пракуратуры Ўкраіны стварылі адмысловае ўпраўленьне для расьсьледаваньня ваенных злачынстваў.

«Вельмі цяжка, калі ў сям’і згвалтавалі маці і дзіця, бо гэта ўжо робіцца сямейнай трагедыяй. Зь імі асобна працуюць дарослы і дзіцячы псыхолягі», — сказала кіраўніца гэтага ўпраўленьня пракуратуры Ірына Дзідзенка.

Пракурорка ўдакладніла, што адну з пацярпелых упяцёх, ушасьцёх гвалтавалі цягам трыццаці дзён.

«Групавое гвалтаваньне 83-гадовай жанчыны, згвалтаваньне 4-гадовага дзіцяці, згвалтаваньне 12-гадовай з наступнай цяжарнасьцю. Гэтых фактаў дастаткова, каб прыйсьці ў стан шоку», — сказала Ірына Дзідзенка.

Паводле яе, вельмі часта сэксуальны гвалт выкарыстоўваўся ў якасьці катаваньня і станавіўся інструмэнтам праяўленьня нянавісьці.

«Сярод пацярпелых ёсьць адкрыты гей. Калі расейцы даведаліся пра ягоную арыентацыю, то гвалтавалі 8 гадзін. Цяпер ягоны стан удалося стабілізаваць. У дачыненьні да ўкраінцаў і ўкраінак выкарыстоўвалі і іншыя віды сэксуальнага гвалту, у тым ліку разнастайныя катаваньні геніталій», — кажа кіраўніца ўпраўленьня пракуратуры Ірына Дзідзенка.

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з сотняў пацярпелых толькі 155 пагадзіліся, што іхныя справы перададуць у суд і самі яны выступяць сьведкамі. Сярод іх 106 жанчын, 38 мужчын і 11 непаўналетніх. Найбольшая колькасьць выпадкаў згвалтаваньняў адбылася ў Кіеўскай і Херсонскай абласьцях. У Херсонскай вобласьці найбольш спраў аб гвалце ў дачыненьні да мужчын — 37.

«Фээсбэшнікі па-рознаму катуюць вялікую колькасьць людзей, у тым ліку з элемэнтамі сэксуальнага гвалту. Калі мужчына служыць ва Ўзброеных сілах Украіны або служыў у праваахоўных органах, то да іхных сваякоў прыходзяць у першую чаргу. Маму, жонку або дачку катуюць, потым адпускаюць і просяць „перадаць вітаньні“ сыну, мужу або бацьку адпаведна», — расказала Ірына Дзідзенка.

Праваахоўныя органы Ўкраіны ўжо зафіксавалі 70 958 злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG