Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апраўдвалі ваенныя злачынствы супраць Украіны». Румынія прыпыняе працу Расейскага цэнтру культуры і навукі


Бухарэст
Бухарэст

Установа знаходзіцца ў Бухарэсьце. Праз ваенную экспансію расейцаў ва Ўкраіне і вялікую пагрозу Малдове румынскія ўлады вырашылі прыпыніць працу цэнтру расейскай культуры ў сваёй краіне.

Румынія прыпыніць працу Расейскага цэнтру культуры і навукі, які знаходзіцца ў Бухарэсьце, паведаміў сайт Міністэрства замежных спраў Румыніі.

Пра гэта праінфармавалі пасла Расеі ў Румыніі Валерыя Кузьміна, якога выклікалі ў ведамства. Дыплямату, як паказана ў заяве, нагадалі аб выпадках, калі цэнтар «займаўся скажэньнем рэальнасьці і гістарычнай праўды», а пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну адхіліўся ад сваіх мэтаў ва ўмацаваньні культурных сувязяў і «ператварыўся ў інструмэнт прапаганды, дэзынфармацыі і апраўданьня ваенных злачынстваў Расейскай Фэдэрацыі ва Ўкраіне».

Дзяржаўны сакратар у стратэгічных справах Румыніі таксама выказаў абурэньне ў сувязі з «пастаяннымі спробамі гібрыдных атак і дэзынфармацыі шляхам выбарачнага прадстаўленьня і наўмыснага маніпуляваньня рэальнасьцю», што робяцца расейскім бокам, і заклікаў адмовіцца ад такой практыкі.

Праца цэнтру прыпыніцца не пазьней за 20 жніўня 2023 году, да гэтага часу павінны завяршыцца ўсе адміністрацыйныя працэдуры, гаворыцца ў паведамленьні.

Цэнтар у Бухарэсьце створаны на падставе пагадненьня паміж Румыніяй і Расеяй, падпісанага ў 2013 годзе. Яго адкрылі ў траўні 2015 году.

Румынія выказала занепакоенасьць сытуацыяй вакол Малдовы, дзе нядаўна выкрылі пляны прарасейскага дзяржаўнага перавароту. Прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду 21 лютага прысутнічала ў польскай Варшаве на выступе прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна. ЗША асобна падтрымалі дэмакратыю ў Малдове і захады, якія робіць гэтая дзяржава, каб захаваць свой сувэрэнітэт.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG