Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцінскі плян аднаўленьня імпэрыі быў відавочны зь ліпеня 2021 году», — палітоляг Рудкоўскі


Палітоляг Пётра Рудкоўскі
Палітоляг Пётра Рудкоўскі

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, палітоляг Пётра Рудкоўскі аналізуе выступ Пуціна і візыт Байдэна ў Кіеў, разважае пра апублікаваныя «стратэгічныя мэты Расеі ў Беларусі» і ацэньвае магчымыя наступствы прыпыненьня Расеяй удзелу ў Дамове аб стратэгічных узбраеньнях

Сьцісла:

  • Выступ Пуціна быў выкананы такім чынам, каб па магчымасьці адвесьці ўвагу ад тэмы «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».
  • Пуцін заявіў, што нельга ісьці шляхам «гарматы замест масла», моцна была падкрэсьлена неабходнасьць захаваньня эканомікі.
  • У заходніх краінаў зьявіўся кансэнсус наконт паразы Расеі ва Ўкраіне.
  • Бюджэт ЗША на абарону складае 858 мільярдаў даляраў, а ў Расеі ўдалося падняць да 70 мільярдаў. Якая можа быць гонка ўзбраеньняў?

— Журналісты атрымалі доступ да ўнутранага дакумэнту расейскіх уладаў пад назвай «Стратэгічныя мэты Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі», згодна зь якім Расея зьбіраецца да 2030 году акупаваць Беларусь. Што ў гэтых дакумэнтах вас, магчыма, зьдзівіла, а што не? Ці дадаюць яны нешта новае наконт разуменьня расейскай палітыкі адносна Беларусі?

— Практычна нічога не зьдзівіла, а толькі пацьвердзіла ранейшае разуменьне. Плян Пуціна, накіраваны на анэксію Беларусі альбо стварэньне чагосьці кшталту новага Савецкага Саюзу, куды павінны былі ўвайсьці і Беларусь, і Ўкраіна, быў для мяне відавочны зь ліпеня 2021 году, калі Пуцін апублікаваў свой артыкул «Об историческом единстве русских и украинцев». Там як само сабой зразумелае мелася на ўвазе, што і Беларусь уваходзіць у гэтае «адзінства».

У апублікаваных дакумэнтах гаворыцца пра неабходнасьць паступовага паглыбленьня залежнасьці Беларусі ад Расеі — эканамічнага, палітычнага, інфармацыйнага, культурна-моўнага. Павінны быць задзейнічаныя ўсе інструмэнты, каб мяккім спосабам максымальна прывязаць Беларусь да Расеі.

— Ці гэты дакумэнт — проста распрацоўка аднаго з шматлікіх аддзелаў адміністрацыі Пуціна, ці гэта больш падобна да стратэгічнай лініі, якую пацьвярджаюць усе ранейшыя дзеяньні Масквы за апошнія гады?

— Я мяркую, гэта выпрацаваная агульная лінія, абавязковая для атачэньня Пуціна. Але ж тут, як і з Украінай, жыцьцё ўносіць пэўныя карэктывы. І яны ня маюць магчымасьці цьвёрда трымацца пастаўленых плянаў і мэтаў. Застаецца адкрытым і пытаньне з тым, наколькі яны правільна разьлічылі паводзіны Лукашэнкі. Але ў якасьці агульнай стратэгічнай лініі падзеі паказалі, што гэтая лінія ў цэлым выконвалася ўсім расейскім кіраўніцтвам.

— Сёньня прэзыдэнт Расеі выступаў з пасланьнем да расейскага народу. Ці даў выступ Пуціна разуменьне, як будзе далей паводзіць сябе Крэмль у вайне з Украінай?

— Адметна, што выступ Пуціна быў выкананы такім чынам, каб па магчымасьці адвесьці ўвагу ад тэмы «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як у Крамлі гэта называюць. Бо няма магчымасьцяў ані пахваліцца посьпехам, ані прадставіць нейкі плян завяршэньня вайны. Першыя паўгадзіны гучалі антызаходнія тырады — і што Захад вайну рыхтаваў супраць Расеі, і што Захад гэндэрна нэўтральнага Бога хоча стварыць. І калі размова пайшла пра тое, што нам рабіць з усім гэтым — то аказалася, што адказам будуць нейкія льготы для ўдзельнікаў баявых дзеяньняў.

Пазьней быў вельмі цікавы момант, калі Пуцін заявіў, што нельга ісьці шляхам «гарматы замест масла»: моцна была падкрэсьлена неабходнасьць захаваньня эканомікі, заяўлена, што ваенныя выдаткі ня будуць ламаць эканоміку.

— 20 лютага прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сэнсацыйна наведаў Кіеў, сёньня выступае ў сталіцы Польшчы Варшаве. Ці сапраўды ЗША гатовыя аддаваць усе рэсурсы дзеля перамогі Ўкраіны? Наколькі ў Байдэна разьвязаныя рукі — з улікам крытыкі з боку некаторых рэспубліканцаў?

— Візыт Байдэна ў Кіеў — гэта канцэнтрацыя таго кансэнсусу, які сфармаваўся цягам апошніх месяцаў і быў прадэманстраваны заходнімі краінамі. Гэта рашучая падтрымка Ўкраіны ўсімі магчымымі ўзбраеньнямі, падтрымка яе права адваяваць усе свае захопленыя Расеяй тэрыторыі, уключна з Крымам.

— Але кансэнсус наконт чаго? Наконт імкненьня абараніць Украіну ці дабівацца паразы Расеі?

— Кансэнсус наконт паразы Расеі ва Ўкраіне. Вядома, не ідзе гаворка пра тое, як граміць Расею на яе тэрыторыі. Размова ідзе пра рашучую падтрымку Ўкраіны ў яе імкненьні адваяваць усе захопленыя тэрыторыі, уключна з Крымам. І, вядома, такі варыянт для Расеі будзе мець вельмі вялікія нэгатыўныя наступствы.

— Пуцін заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у Дамове аб стратэгічных узбраеньнях. Што гэта азначае? Ці пачнецца новая гонка ўзбраеньняў (і хіба Расея адужае такую гонку эканамічна?) Ці гэта проста шантаж, пагроза прымяненьня ядзернай зброі?

— На працягу мінулага году ўжо было шмат сюрпрызаў што да стану «другой арміі сьвету». Я цалкам разумею рытарычны сэнс гэтай абвесткі, арыентаванай асабліва на ўнутраную аўдыторыю. Прамова была даволі бляклая, ніякіх пераможных пэрспэктываў не было дадзена. І тут была кінутая такая рытарычная «костка». Для абывацеля гэта гучыць даволі грозна: «Мы прыпыняем удзел у Дамове». Можа скласьціся ўражаньне чагосьці вельмі сур’ёзнага, нараджаць пераможныя эмоцыі — магчыма, гэта цалкам удалы ход для ўнутранага спажываньня.

Хоць, натуральна, гэта будзе выклікаць нейкія эмоцыі дзень-два-тры, і потым перастане дзейнічаць. Але разьлік і на масавую замежную аўдыторыю: сама размова пра ядзерныя ўзбраеньні выклікае эмацыйныя і часам ірацыянальныя рэакцыі. Трэба ўлічваць і схільнасьць заходніх грамадзтваў да крытыкі сваіх урадаў. Так што, магчыма, прагучаць пэўныя крытычныя галасы — маўляў, як вы давялі сваёй палітыкай Маскву да такога кроку.

Але калі бюджэт ЗША на абарону складае 858 мільярдаў даляраў, а ў Расеі ваенныя выдаткі ўдалося падняць да 70 мільярдаў, то што гэта азначае? Хіба можа Расея разьвязваць сябе рукі для ядзерных праграмаў, ці яна зьбіраецца апярэдзіць NATO ў такой гонцы ўзбраеньняў? Наўрад ці. Нагадаю, што Пуцін акурат сёньня і сказаў пра тое, што ваенныя выдаткі не павінны ламаць эканоміку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG