Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне спрагназавалі, калі можа адбыцца новы наступ з тэрыторыі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Украінскія танкі ў Луганскай вобласьці
Ілюстрацыйнае фота. Украінскія танкі ў Луганскай вобласьці

Аналітыкі Цэнтру супрацьдзеяньня дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны лічаць, што расейцы спадзяюцца стварыць усе ўмовы новага наступу з тэрыторыі Беларусі ў канцы 2023 году.

«Цяпер, нягледзячы на тое, што да вайны ў Беларусі ўсё ж рыхтуюцца, можна спадзявацца, што ў першай палове году Расея не нанясе ўдару зь яе тэрыторыі», — адзначаюць аналітыкі Цэнтру.

Паводле іх, з гэтым згодныя і аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), якія лічаць малаімаверным новы наступ на Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку 2023 году, але дапускаюць, што атака па гэтым напрамку адбудзецца ў канцы году.

Як адзначаюць у Цэнтры супрацьдзеяньня дэзінфармацыі, у прымежных з Украінай раёнах Беларусі ўкраінская выведка пакуль не назірае актыўных перамяшчэньняў расейскіх вайскоўцаў, што можа сьведчыць аб адсутнасьці прыкметаў падрыхтоўкі наступу па гэтым напрамку цяпер.

Зь іншага боку, адзначаюць аналітыкі, Беларусь зьяўляецца ваенным і эканамічным саюзьнікам Расеі, а магчымасьць Лукашэнкі самастойна прымаць рашэньне «застаецца пад вялікім пытаньнем». Аналітыкі Цэнтру прыводзяць некалькі аргумэнтаў на карысьць таго, што імавернасьць новага наступу з тэрыторыі Беларусі захоўваецца:

  1. Паводле ацэнак заходніх экспэртаў, у канцы году расейцы спадзяюцца стварыць усе ўмовы новага наступу з тэрыторыі Беларусі. Для гэтага ў верасьні Масква і Менск плянуюць правесьці вялікія вайсковыя вучэньні і завяршыць фазу вясновага прызыву 2023 году, а да восені правесьці адзін або некалькі дадатковых прызываў у запас. Акрамя таго, Крэмль разьлічвае, што да канца году ваенная прамысловасьць пасьпее забясьпечыць большую частку неабходнай для ўварваньня зь Беларусі тэхнікі, узбраеньня і боепрыпасаў.
  2. Тэрыторыя Беларусі застаецца пляцдармам для расейскага нападу на Кіеў. Ад 6 да 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў, якія дысьлякуюцца ў Беларусі, маюць дакладную структуру кіраваньня і кантролю, неабходныя для нападу на Ўкраіну. Расейскія зьнішчальнікі МіГ-31К, абсталяваныя ракетамі «Кінжал», рэгулярна ўзьлятаюць зь беларускіх аэрадромаў для абстрэлаў украінскай тэрыторыі.
  3. Беларускае войска ў мірны час налічвае 75 тысяч вайскоўцаў, але ў выпадку пагрозы вайны яго колькасьць можна павялічыць да паўмільёна. Пад назіраньнем расейскіх інструктараў праводзяцца так званыя раптоўныя праверкі баяздольнасьці, у рамках якіх беларускія вайскоўцы зьдзяйсьняюць кідкі да мяжы з Украінай і адпрацоўваюць фарсіраваньне рэк недалёка ад мяжы з Польшчай.
  4. Беларускія ўлады «нечакана» абмежавалі доступ да прымежнай паласы трох раёнаў Гомельскай вобласьці (Лоеўскага, Брагінскага і Хойніцкага), якія мяжуюць з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцямі Ўкраіны. Менавіта з тэрыторыі гэтых раёнаў у лютым 2022 году пачаўся натуп расейскіх войскаў на Кіеў.
  5. Крэмль не адмовіўся ад сваіх максымалісцкіх мэтаў у вайне супраць Украіны. Рэальнае ўступленьне Беларусі ў вайну прымусіла б Ўзброеныя сілы Ўкраіны адцягнуць на гэты ўчастак немалыя сілы і сродкі і аблегчыць расейцам сытуацыю на іншых участках фронту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG