Гэта самы вялікі прырост стратаў расейскіх вайскоўцаў за ўвесь час уварваньня, паведамляе Руская служба ВВС, якая разам з «Медиазоной» і групай валянтэраў вядуць пайменны сьпіс расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне.
Да 17 лютага 2023 году журналістам удалося пацьвердзіць гібель 14 709 чалавек. Асноўная доля стратаў прыпадае на добраахвотнікаў, наймітаў ПВК «Вагнэр» (уключаючы вязьняў) і мабілізаваных.
Журналісты адзначаюць, што абапіраюцца толькі на пацьверджаныя паведамленьні аб гібелі вайскоўцаў, таму рэальны ўзровень стратаў можа быць вышэйшы — як мінімум у два разы. Паводле найбольш кансэрватыўнай ацэнкі, падчас уварваньня ва Ўкраіну Расея магла страціць больш за 29 500 чалавек загінулымі, лічаць журналісты.
Выданьням стала вядома пра сьмерць 1121 мабілізаванага расейца. 40% зь іх загінулі ў пэрыяд з 1 студзеня. Журналісты таксама зазначаюць, што ўключылі ў сьпіс толькі пацьверджаныя выпадкі гібелі мабілізаваных.
Зь іх 50 мабілізаваных памерлі на тэрыторыі Расеі, знаходзячыся ў пунктах збору або ў воінскіх частках, з прычыны праблемаў са здароўем або ненаданьня мэдычнай дапамогі. Сама меней 8 чалавек скончылі жыцьцё самагубствам, 6 памерлі ў выніку няшчасных выпадкаў. Сама меней 1071 мабілізаваны загінуў, знаходзячыся ў зоне баявых дзеяньняў. Сярод загінулых мабілізаваных больш за ўсё выхадцаў са Сьвярдлоўскай, Чалябінскай абласьцей і Краснадарскага краю.
З пачатку ўварваньня ва Ўкраіну Расея страціла сама меней 1732 афіцэра. Часьцей за ўсё гінуць малодшыя афіцэры, якія праводзяць больш часу з асабовым складам, навучаюць навічкоў і прымаюць рашэньні на полі бою. Каля 3000 загінулых — гэта элітныя спэцыялісты: салдаты і афіцэры атрадаў спэцназу, марскія пяхотнікі і ваенныя пілёты. З пачатку ўварваньня Расея страціла сама меней 120 ваенных лётчыкаў.
Расея не раскрывае страты ў вайне з Украінай. Пэнтагон у лістападзе заявіў, што паводле яго ацэнкі, страты забітымі і параненым у Расеі і Ўкраіне склалі прыблізна па 100 тысяч чалавек у кожнай.
У выведцы Мінабароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што расейская армія разам з прыватнымі вайсковымі кампаніямі страцілі на вайне ва Ўкраіне ад 175 да 200 тысяч вайскоўцаў з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у тым ліку прыкладна 40-60 тысяч загінулых.
Украіна таксама рэдка называе лічбы стратаў вайскоўцаў у вайне. У пачатку сьнежня 2022 году дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк казаў, што за 9 месяцаў ваенных дзеяньняў Украіна страціла ад 10 да 13 тысяч вайскоўцаў загінулымі.