Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША замовілі боепрыпасы для Ўкраіны на $522 млн. Пастаўкі пачнуцца ў сакавіку


Танк «Абрамс», які ЗША паабяцалі перадаць Украіне. Ілюстрацыйнае фота
Танк «Абрамс», які ЗША паабяцалі перадаць Украіне. Ілюстрацыйнае фота

Пэнтагон плянуе шасьціразовае павелічэньне вытворчасьці артылерыйскіх снарадаў, значную частку якіх адправяць ва Ўкраіну.

Міністэрства абароны ЗША аб’явіла аб заключэньні зь дзьвюма прыватнымі кампаніямі дзяржкантрактаў на $522 млн для вытворчасьці 155-мілімэтровых артылерыйскіх снарадаў для Ўкраінскіх узброеных сіл, перадае агенцтва AFP.

Вытворчасьцю боепрыпасаў зоймуцца кампаніі Northrop Grumman Systems Corp. і Global Military Products Inc. Згодна з графікам, пастаўкі снарадаў ва Ўкраіну павінны пачацца ў сакавіку сёлета.

Рашэньне аб вытворчасьці боепрыпасаў Пэнтагон прыняў, зыходзячы з таго, што запасы снарадаў, перададзеныя Ўкраіне ЗША і іншымі партнэрамі, імкліва вычэрпваюцца падчас актыўных баявых дзеяньняў.

Тэма нястачы боепрыпасаў ва ўкраінскай артылерыі абмяркоўвалася 14 лютага на сустрэчы партнэраў Украіны ў фармаце «Рамштайн» у Бруселі. ЗША яшчэ некалькі тыдняў таму абвясьцілі аб намеры разгарнуць вытворчасьць снарадаў для УСУ на сваіх магутнасьцях.

У студзені газэта The New York Times са спасылкай на справаздачу камандаваньня Сухапутных войскаў ЗША паведаміла, што Пэнтагон плянуе шасьціразовае павелічэньне вытворчасьці артылерыйскіх снарадаў, значная частка якіх прызначаецца для Ўкраіны.

Да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну амэрыканскія вайсковыя заводы выраблялі 14 400 артылерыйскіх снарадаў у месяц. Пэнтагон плянуе на працягу двух гадоў давесьці вытворчасьць да 90 тысяч снарадаў за месяц. Такой колькасьці снарадаў у Злучаных Штатах не выраблялі з часоў Карэйскай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG