Кампанія «БНК-Україна», украінская дачка «Беларускай нафтавай кампаніі, завінавацілася ўкраінскім прадпрыемствам амаль 1,5 мільярда грыўняў (крыху менш, чым 40 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС) за непастаўленую прадукцыю па падпісаных раней кантрактах праз тое, што пачалася вайна.
Львоўскі суд прызнаў 21 украінскае прадпрыемства крэдыторамі «БНК-Україна» у межах працэсу аб яе банкруцтве. Наступнае пасяджэньне па разглядзе справы адбудзецца ў сакавіку.
Найбольш пацярпела прадпрыемства ТАА «Бел-Петрол Трейдінг», якое займаецца гуртавым і раздробным гандлем нафтапрадуктамі і хімічнай прадукцыяй. Яе грашовая прэтэнзія да «БНК-Україна» складае больш як 327 мільёнаў грыўняў. Менавіта гэтая кампанія і ініцыявала працэс банкруцтва «БНК-Україна», якая не змагла выканаць кантракты з прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
«Бел-Петрол Трейдінг» дзейнічае на ўкраінскім рынку з 2017 году, а прысутнасьць у назьве часткі «Бел-» з тых часоў, калі ў ёй былі беларускія інвэстыцыі. Так, прынамсі, тлумачыў Свабодзе яе кіраўнік Аляксандар Пазій.
Арбітражным кіраўніком украінска-беларускай кампаніі «БНК-Україна» быў прызначаны Віталь Коваль. Ён цяпер займаецца інвэнтарызацыяй кантрактаў, маёмасьці, фінансавай і бухгальтарскай справаздачнасьці. Аднак кіраўніцтва «БНК-Україна» пакуль перадала яму ня ўсе неабходныя дакумэнты.
Віталь Коваль цяпер спрабуе дабіцца ад энэргетычнай мытні інфармацыі аб сплачаных кампаніяй мытах, а таксама высьветліць, ці стварала «БНК-Україна» іншыя прадпрыемствы ва Ўкраіне. Ня выключана, што цягам судовага працэсу пералік пацярпелых украінскіх кампаній павялічыцца.
Што вядома пра «БНК-Україна»
Беларуская кампанія «БНК-Україна» да арышту яе актываў пасьля пачатку вайны займала 27-е месца ў пераліку найбольшых падаткаплатнікаў Украіны.
Летась 16 чэрвеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб арышце актываў і банкаўскіх рахункаў беларускай кампаніі «БНК-Україна» на падставе яе датычнасьці да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Кошт арыштаваных актываў тады вызначылі ў 20 мільёнаў грыўняў (амаль 600 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Крымінальную справу супраць беларускай кампаніі завялі 5 красавіка 2022 году. Адметна, што ў матэрыялах справы як яе канцавыя бэнэфіцыяры фігуруюць ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворчае аб’яднаньне „Беларуснафта“», супраць якой увялі міжнародныя санкцыі ў сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткім разгонам акцыяў пратэсту.
Пры гэтым Міністэрства юстыцыі Ўкраіны яшчэ ў канцы 2021 году прыняло і зарэгістравала статутныя зьмены, згодна зь якімі «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі ёсьць прадпрыемствы Рэспублікі Беларусі». На думку экспэртаў, такія зьмены дазвалялі фактычна падсанкцыйнай кампаніі надалей працаваць на ўкраінскім рынку без абмежаваньняў.
10 чэрвеня 2022 году суд пацьвердзіў арышт рахункаў «БНК-Україна» у двух банках — «Банк Альянс» і «Південний». Агулам у кіраваньне агенцтва, якое займаецца сканфіскаванай маёмасьцю, перадалі 455 573,15 эўра. Дырэктар беларускай кампаніі спрабаваў у судовым парадку абскардзіць арышт грошай на рахунку, але суд падтрымаў рашэньне сьледзтва.
Справу кампаніі «БНК-Україна» расьсьледуе Падольская акруговая пракуратура Кіева. Завялі справу паводле ч. 2 артыкула 110-2 (фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны), а таксама паводле ч. 5 артыкула 191 (прыўлашчваньне маёмасьці шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учыненае ва ўмовах ваеннага становішча).
Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, за такія злачынствы пагражае ад 2 да 12 гадоў пазбаўленьня волі з забаронай займаць адказныя пасады.
Цяпер усе актывы перададзены ў кіраваньне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.