Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік штабу АДКБ ня бачыць неабходнасьці прыцягваць краіны арганізацыі да вайны ва Ўкраіне


Кіраўнікі краін АДКБ, Армэнія, 2022
Кіраўнікі краін АДКБ, Армэнія, 2022

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь генэральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым заявіў, што «канфлікт Украіны і Расеі» датычыцца ўсіх краін арганізацыі.

Войскі краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) пакуль няма неабходнасьці прыцягваць да баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, заявіў на прэсавай канфэрэнцыі 14 лютага начальнік абʼяднанага штабу вайскова-палітычнага блёку Анатоль Сідараў, паведамляе БелТА.

На пытаньне журналісткі з Армэніі, ці ёсьць імавернасьць прыцягненьня краін АДКБ да «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», вайсковец адказаў:

«Мне пра гэта невядома. Мая думка — такой неабходнасьці на гэтым этапе пакуль проста няма».

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з генэральным сакратаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым заявіў, што «канфлікт Украіны і Расеі» датычыцца ўсіх краін арганізацыі:

«Калі нехта думае, што канфлікт Украіны і Расеі — гэта ня наш канфлікт, што ціхенька недзе адсядзімся, — нічога падобнага, так ня будзе, — сказаў ён. — Прыйдзе час (ён недалёка, літаральна заўтра), ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазыцыю».

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне, усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а ўсьлед за ім і беларускае кіраўніцтва называюць паўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую РФ пачала 24 лютага 2022 году. Разам з тым Лукашэнка наўпрост называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.

Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

На тэрыторыі Беларусі сёлета заплянавалі трое манэўраў у рамках АДКБ

На тэрыторыі Беларусі сёлета плянуецца правядзеньне трох вучэньняў АДКБ — «Узаемадзеяньне», «Эшалён» і «Пошук», пра гэта паведаміў генэральны сакратар Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы Імангалі Тасмагамбетаў пасьля сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

У канцы 2021-га і пачатку 2022 году Расея праводзіла супольныя зь Беларусьсю вучэньні «Саюзная рашучасьць», якія скончыліся ўварваньнем ва Ўкраіну 24 лютага, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Цягам 2022 і 2023 гадоў амаль няспынна ў Беларусі праводзяцца расейска-беларускія і толькі беларускія вайсковыя манэўры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG