Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея скароціць здабычу нафты на 10% праз санкцыі, уведзеныя краінамі G7


Здабыча нафты. Ілюстратыўнае фота
Здабыча нафты. Ілюстратыўнае фота

У лютым Эўразьвяз узгадніў столь цэнаў на расейскія нафтапрадукты, каб скараціць прыбыткі Крамля, якія дапамагаюць яму працягваць вайну ва Ўкраіне.

Расея ў сакавіку скароціць здабычу нафты на 500 тысяч барэляў за суткі. Пра гэта расказаў віцэ-прэмʼер Аляксандар Новак, паведамляе Reuters. Ён лічыць, што гэта рашэньне будзе спрыяць аднаўленьню рыначных адносін.

Паводле Новака, Расея цалкам рэалізуе ўвесь абʼём нафты, якая вырабляецца ў краіне, аднак, як было заяўлена раней, Масква ня будзе прадаваць нафту тым, хто наўпрост або ўскосна прытрымліваецца ўведзенай краінамі Захаду столі цэнаў. У сувязі з гэтым Расея, як выказаўся Новак, добраахвотна скароціць здабычу ў сакавіку і ў далейшым будзе кіравацца сытуацыяй на рынку.

Узгодненая краінамі G7, Эўразьвязам і Аўстраліяй столь цэнаў на расейскую нафту (не вышэй як 60 даляраў за барэль) набыла моц 5 сьнежня 2022-га. З 5 лютага гэтага году пачалі дзейнічаць столі цэнаў на расейскія нафтапрадукты, каб скараціць прыбыткі Расеі, якія дапамагаюць ёй працягваць вайну ва Ўкраіне.

З 1 лютага Расея ўвяла забарону на пастаўкі нафты «недружалюбным» краінам, якія вызначылі на яе цэнавую столь.

Пасьля ўвядзеньня столі цэнаў рынак расейскай нафты стаў вельмі непразрысты. Па афіцыйных дадзеных, Расея змушаная прадаваць нафту па 47 даляраў за барэль, аднак рэальная цана складае 70-75 даляраў за барэль, адзначаюць экспэрты.

На пачатку лютага гэтага году Міністэрства фінансаў Расеі паведаміла, што ў студзені даходы Расеі ад продажу нафты і газу скараціліся на 46 працэнтаў у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Адной з прычын у расейскім Мінфіне назвалі зьніжэньне цэнаў на нафту. Так, паводле дадзеных агенцтва Bloomberg, расейская нафта гатунку Urals таргуецца на палову сусьветных цэнаў — менш за 38 даляраў за барэль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG