Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што дзьве расейскія ракеты перасеклі паветраную прастору Малдовы і Румыніі. У Кішынёве пацьвердзілі, у Бухарэсьце — не


Рэшткі расейскай ракеты ў Малдове. 5 сьнежня 2022
Рэшткі расейскай ракеты ў Малдове. 5 сьнежня 2022

У Румыніі сказалі, што «найбліжэйшы пункт траекторыі ракеты да паветранай прасторы Румыніі быў зафіксаваны за 35 кілямэтраў ад мяжы».

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны паведаміў, што 10 лютага ў 10:18 дзьве расейскія ракеты перасеклі дзяржаўную мяжу Ўкраіны і Малдовы і прыблізна ў 10:33 — паветраную прастору Румыніі.

«Пасьля гэтага (ракеты) зноў увайшлі ў паветраную прастору Ўкраіны ў пункце перасячэньня межаў трох дзяржаў. Ракеты былі запушчаныя з Чорнага мора», — паведаміў Валеры Залужны.

Малдова пацьвердзіла, што ракета перасекла яе паветраную прастору

«У 10:18 была выяўлена ракета, якая перасекла паветраную прастору Малдовы, над вёскай Мокра Прыднястроўскага раёну, а затым над вёскай Косеўцы Сароцкага раёну з напрамкам на Ўкраіну», — адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства абароны Малдовы.

У вайсковым ведамстве Малдовы дадалі, што «ўважліва сочаць за сытуацыяй у рэгіёне і рашуча асуджаюць парушэньне паветранай прасторы краіны».

Рэакцыя ў Румыніі: не пацьвярджаем

У Міністэрстве абароны Румыніі на запыт Радыё Свабода адказалі, што «інфармацыя аб расейскай ракеце, якая праляцела ў паветранай прасторы Румыніі, не пацьвярджаецца».

Пазьней там удакладнілі, што «найбліжэйшы пункт траекторыі ракеты да паветранай прасторы Румыніі быў зафіксаваны радыёлякацыйнымі сыстэмамі прыкладна за 35 кілямэтраў на паўночны ўсход ад мяжы».

У румынскім Мінабароны дадалі, што сыстэма паветранага назіраньня ВПС Румыніі выявіла ракету, запушчаную Расеяй у раёне Крымскага паўвострава, але яна праляцела над паветранай прасторай Рэспублікі Малдова і «паўторна ўвайшла ў паветраную прастору Ўкраіны, ні ў якім разе не перасякаючы паветраную прастору Румыніі».

У той жа час, дадалі ў вайсковым ведамстве Румыніі, у сувязі з траекторыяй ракеты выкарысталі стандартную працэдуру — накіравалі два самалёты румынскіх ВПС на выпадак неабходнага рэагаваньня.

Гэта ўжо чацьвёрты выпадак, калі расейскія ракеты перасякаюць межы сумежных з Украінай дзяржаў — двойчы Малдовы і адзін раз Польшчы.

Расея ў ноч і раніцай пачала інтэнсіўна абстрэльваць энэргетычныя аб'екты Ўкраіны ў розных яе рэгіёнах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG