Як паведаміў сайт Reform.by, функцыянаваньне дамоў адбываецца на сродкі, атрыманыя з аўкцыёнаў.
На цяперашні аўкцыён творы перадалі больш за 30 мастакоў, папярэдні адбор работ на выставу ў варшаўскай галерэі «Piękna» рабіла куратарка Вольга Мжэльская. Сёлета ўдзел узялі і ўкраінскія аўтары.
Аўкцыён адбыўся 8 лютага, прыняць у ім удзел можна было як у самой галерэі, так і онлайн з дапамогай дзьвюх інтэрнэт-пляцовак ці праз тэлефон.
За найбольшую суму — 14 тысяч злотых — прадалі работу маладога аўтара Аляксандра Адамава, у ёй ён выкрывае заганы сучаснага грамадзтва.
Цікавымі калекцыйнымі лотамі сталі нумар часопіса Time і ўкраінскі сьцяг — абодва з аўтографамі генэрала Валерыя Залужнага. Іх пачатковы кошт быў 100 злотых, у выніку сьцяг прадалі за 4600 польскіх злотых, а часопіс — за 2000. Наборы марак, сярод якіх легендарны «Рускі ваенны карабель... усё», прадаліся за сумы ад 600 да 900 злотых, падняўшыся з пачатковай цаны ў 100 злотых.
Аўкцыён прайшоў пасьпяхова, сабралі 71 000 злотых, і гэтая сума можа вырасьці. Прэзыдэнтка Фонду Катажына Скопец паведаміла, што гэтых сродкаў будзе дастаткова, каб пакрыць расходы на ўтрыманьне Мірных дамоў для ўкраінскіх і беларускіх уцекачоў. Непрададзеныя работы яшчэ можна набыць у галерэі «Piękna».