Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 выбухаў цягам гадзіны. Запарожжа пацярпела ад найбольшай ракетнай атакі Расеі пасьля яе ўварваньня


Расейская ракета, запушчаная зь Белгарада (Расея) на ўкраінскі Харкаў. 8 лютага 2023
Расейская ракета, запушчаная зь Белгарада (Расея) на ўкраінскі Харкаў. 8 лютага 2023

Расейскія войскі ўначы атакавалі адразу некалькі прыфрантавых абласьцей — Запароскую, Днепрапятроўскую і Харкаўскую.

Уначы Расея абстрэльвала ўкраінскія гарады з артылерыі і дронаў. Галоўная мішэнь — крытычная інфраструктура.

У Запарожжы пашкодзілі энэргетычную інфраструктуру

Сакратар Запароскай гарадзкой рады Анатоль Курцеў паведаміў, што расейцы атакавалі абласны цэнтар з чацьвёртай да пятай гадзіны раніцы.

«За гадзіну ў горадзе зафіксавалі 17 варожых прылётаў — гэта найбольшая колькасьць з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня», — паведаміў Анатоль Курцеў.

Паводле яго, расейцы атакавалі энэргетычную інфраструктуру.

У Харкаве і Харкаўскай вобласьці ў выніку абстрэлаў пачаліся пажары

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што абласны цэнтар і рэгіён пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў ракетамі С-300.

«Пад прыцэлам былі крытычныя і інфраструктурныя аб’екты. Пачаліся пажары, якія ўдалося патушыць апэратыўна. Аднак некаторыя раёны засталіся без электраэнэргіі», — паведаміў кіраўнік вобласьці.

Паводле яго, цяпер ратаўнікі і энэргетыкі спрабуюць зьліквідаваць наступствы абстрэлаў. Папярэдне, абышлося без пацярпелых.

Паветраныя сілы Ўкраіны: абстрэлы і атака дронамі адбываліся з тэрыторыі Расеі

Уначы з усходняга ўзьбярэжжа Азоўскага мора расейскія войскі запусьцілі сем дронаў-камікадзэ Shahed-136/131, а з расейскага фрэгата ў Чорным моры — 6 крылатых ракет «Калібр».

Адначасова з расейскага Белгараду і акупаванага ў Запароскай вобласьці Такмака расейцы атакавалі зэнітнымі ракетамі С-300.

«Сілы і сродкі Паветраных сіл Украіны зьнішчылі 5 крылатых ракет „Калібр“ і 5 ударных дронаў Shahed-136/131», — адзначаецца ў паведамленьні камандаваньня Паветранымі войскамі.

Па Харкаўскай і Запароскай абласьцей расейцы выпусьцілі да 35 зэнітных кіраваных ракет (С-300), якія немагчыма зьнішчаць у паветры сродкамі супрацьпаветранай абароны.

Адзін дрон уначы даляцеў да Шапятоўскага раёну Хмяльніцкай вобласьці і пашкодзіў аб’ект крытычнай інфраструктуры.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG