Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі расказаў пра Менскія пагадненьні і пра «мір за кошт саступак»


Адзіная сустрэча ў "нармадзкім фармаце", сьнежань 2019.
Адзіная сустрэча ў "нармадзкім фармаце", сьнежань 2019.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію нямецкаму выданьню Der Spiegel упершыню распавёў, як ён ацэньваў не ўвасобленыя ў жыцьцё Менскія пагадненьні аб урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе і чаму, нягледзячы на нэгатыўнае да іх стаўленьне, быў гатовы працаваць у так званым Нармандзкім фармаце

Тэмы Менскіх пагадненьняў, заключаных у 2015 годзе яго папярэднікам Пятром Парашэнкам, Зяленскі закрануў, адказваючы на пытаньне, ці не адчувае ён ціску з-за мяжы дзеля хуткага ўстанаўленьня перамір’я з Расеяй за кошт Крыму і іншых тэрытарыяльных саступак.

«Мы ўсе баімся вайны, гэта інстынкт, — сказаў, у прыватнасьці, Зяленскі. — Людзям нас, украінцаў, вядома, шкада, аднак самае жудаснае было б, калі б вайна прыйшла да іх саміх. Грамадзяне і кіраўнікі іх дзяржаў бачаць патэнцыйную пагрозу для стабільнасьці іх краінаў, а таксама для іх палітычнай улады. Таму яны хочуць спыніць вайну — калі атрымаецца, то за кошт іншых. Ні ў якім разе за кошт ахвяраў ва ўласнай краіне».


Прэзыдэнт Украіны, адзначыўшы, што разважае субʼектыўна як прэзыдэнт краіны, якая ваюе: «Самы просты шлях скончыць вайну быў бы перадаць Расеі тэрыторыі, даць ёй уплываць на Ўкраіну і мець уплыў унутры Ўкраіны, які ў іх быў гадамі. Па гэтай прычыне і існавалі Менскія пагадненні. Нашы саюзьнікі не асудзяць мяне, калі я буду думаць, што Менскія дамовы былі таксама свайго роду саступкай».

На гэта журналісты Spiegel запярэчылі, што Зяленскі сам спрабаваў выканаць іх. Прэзыдэнт Украіны так растлумачыў сваю пазыцыю:

«Я заскочыў на гэты цягнік, які ехаў у прорву. Пад цягніком я разумею пагадненьні ўвогуле. Кожны пункт азначае вагон, і калі ты пачынаеш гэта аналізаваць, ты разумееш: усё ўвогуле так сканструявана, што адзін бок нешта ня можа выканаць, а іншы замарожвае канфлікт. Я не ўбачыў у пагадненьнях жаданьня пакінуць Украіне яе незалежнасьць! Я разумею іх сэнс так: за кошт Украіны хацелася крыху наталіць апэтыт Расеі».

Зяленскі пры гэтым патлумачыў, чаму Кіеў не выходзіў зь перамоўнага працэсу: «Адкладваць — гэта цалкам нармальна для дыпляматыі. Ніхто ня ведае, раптам той, хто прымае рашэньні, памрэ, і ўсё раптам стане прасьцей. Я бачыў у пагадненьнях адзін-адзіны сэнс: дзякуючы ім была створана афіцыйная плятформа перамоваў, каб наогул нешта дазволіць», — прэзыдэнт Украіны згадаў абмены палоннымі. «Але што датычыцца Менску, я сказаў Эмануэлю Макрону і Ангеле Меркель: «Такім чынам мы гэта ня зможам ажыцьцявіць».

Журналісты нагадалі Зяленскаму, што ён сам сустракаўся з Пуціным у 2019 годзе ў межах так званага Нармандзкага фармату. Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што сказаў Пуціну тое ж самае, што і «двум іншым калегам» — што пагадненьні так, як яны напісаны, немагчыма ўвасобіць у жыцьцё, у тым ліку і з прычыны рэальнай сытуацыі на лініі судакрананьня ў Данбасе. Так, Зяленскі ўзгадаў, што Пуцін настойваў на хуткім выкананьні аднаго з пунктаў пагадненьняў — адводзе войскаў. «Я яму растлумачыў, як гэта адбываецца ў рэальнасьці, і сказаў, што нам пры такім тэмпе трэба яшчэ 20 гадоў. Я яму сказаў, што мой бацька — прафэсар матэматыкі, я добра магу лічыць».

  • Менскія пагадненьні былі заключаны ў 2015 годзе, яны прадугледжвалі, што непадкантрольныя Ўкраіне часткі Данецкай і Луганскай абласьцей застануцца ў складзе Ўкраіны, аднак дэ-факта будуць пад вялікім уплывам Расеі і сэпаратыстаў, якія яна падтрымлівае.
  • Украіна ніколі фармальна не адмаўлялася ад выкананьня пагадненьняў як такіх, аднак, асабліва ў апошнія гады, выступала за іх удакладненьне ці перагляд.
  • Абвінавачаньні ў адрас Украіны ў невыкананьні пагадненьняў сталі адной з падставаў для шырокамаштабнага расейскага ўварваньня 24 лютага.
  • У апошні час прадстаўнікі расейскіх уладаў, у тым ліку прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, абвінавачваюць краіны Захаду і Ўкраіну ў тым, што яны падманулі Расею і першапачаткова не зьбіраліся выконваць Менскія пагадненьні. Яны ўказваюць пры гэтым на выказваньні былога канцлера Нямечыны Ангелы Меркель і экс-прэмʼера Брытаніі Барыса Джонсана. Яны, аднак, не казалі пра тое, што Расею знарок ашукалі, а толькі канстатавалі, што час, які мінуў з моманту заключэньня пагадненьняў, дазволіў Украіне ўмацаваць войска.
  • Вайна Расеі супраць Украіны

    • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
    • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
    • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
    • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
    • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
    • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
    • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
    • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
    • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
    • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
    • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
    • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
    • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
    • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG