Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удовам загінулых вайскоўцаў у «ДНР» уручылі футры і зьнялі пра гэта прапагандысцкі ролік — а пасьля здымак у некалькіх жанчын футры забралі


Фрагмэнт прапагандысцкага відэароліку.
Фрагмэнт прапагандысцкага відэароліку.

У так званай «ДНР» паплечнікі Ігара Стралкова (Гіркіна) абвясьцілі пра ўручэньне футраў удовам загінулых вайскоўцаў. Пасьля запісу відэа ў некаторых жанчын футры забралі.

Жонка Стралкова Міраслава Рэгінская 6 лютага апублікавала відэа, на якім больш за дзесяць жанчын стаяць на вуліцы і трымаюць у руках футры. Адна зь іх кажа, што там сабраліся семʼі загінулых вайскоўцаў, яны дзякуюць за такую нечаканую дапамогу. Мужчына за кадрам кажа, што падарункі ўручаныя ад арганізацыі «Русский актив Москвы», яны «не забываюцца» і «дапамагаюць дзевяць гадоў».

Расейскае «Феминистское антивоенное сопротивление» зьвязалася з адной з жанчын на відэа. У перапісцы тая пацьвердзіла, што ў яе і як мінімум у трох іншых жанчын адабралі футры пасьля здымкі відэароліка. Спачатку ім сказалі, што выдадзеныя футры дрэннай якасьці, і паабяцалі выдаць новыя. Аднак пасьля шматлікіх званкоў Вользе Васільевай, якая арганізавала раздачу футраў для ўдоў, жанчынам паведамілі, што выйшла памылка і што футры прызначаліся іншым людзям, гаворыцца ў паведамленьні.

Жанчынам паабяцалі дарагія падарункі з Масквы за тое, што яны будуць гаварыць на відэа. Па іх словах, часта ўдовы на фота і відэа аказваюцца несапраўднымі. «Такое часта бывае, нешта прывозяць з Масквы і здымаюць, мы заўсёды ўдзячныя», — адзначыла суразмоўца арганізацыі. Ці былі ўсе жанчыны на гэтым відэа сапраўды ўдовамі вайскоўцаў, яна не ўдакладніла.

Футры ўласнай вытворчасьці, як сьцьвярджаецца, дваццаць адной жанчыне перадаў заснавальнік кампаніі «Пушнина Югры» Аляксандр Барак. Выданьне «Медуза» ўдакладніла, што Барак сапраўды заснавальнік «Пушнины Югры», але кампанія з такой назвай ліквідаваная летам 2021 году. Цяпер Барак — індывідуальны прадпрымальнік, яго асноўны від дзейнасьці — «вытворчасьць футравых вырабаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG