Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На літоўскім пераходзе будзе каляпс». Беларусы расказалі, што зьменіцца, калі закрыюць Баброўнікі


Чарга на беларуска-польскай мяжы. Архіўнае фота
Чарга на беларуска-польскай мяжы. Архіўнае фота

Пагаварылі зь беларусамі, якія пэрыядычна езьдзяць у Польшчу, пра тое, што для іх зьменіцца пасьля закрыцьця польска-беларускага пункту пропуску Баброўнікі — Бераставіца.

Час у дарозе павялічыцца мінімум на 4 гадзіны

Польшча абвясьціла, што зь 10 лютага закрывае дарогу праз Баброўнікі. Цяпер будзе працаваць толькі адзін з шасьці пунктаў пропуску паміж Беларусьсю і Польшчай — празь Берасьце.

Самым зручным шляхам для гарадзенцаў у Беласток раней была дарога праз КПП Брузгі — Кузьніца. З Горадні да яго ехаць паўгадзіны. Аднак ужо больш за год ён не працуе, Польшча закрыла пераход з прычыны «мігранцкага крызісу».

Закрытыя (чырвоным) і адкрытыя (зялёным) пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы
Закрытыя (чырвоным) і адкрытыя (зялёным) пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы

Тады гарадзенцы сталі езьдзіць у Польшчу праз КПП Бераставіца — Баброўнікі. Ён таксама ў Горадзенскай вобласьці. Дарога да мяжы займала ўжо 1–1,5 гадзіны, аднак і гэты пункт быў вельмі запатрабаваны. Зараз яго закрыюць.

Цяпер беларусы змогуць паехаць у Польшчу або празь Берасьце, або праз два пункты пропуску на літоўскай мяжы. Шлях з Горадні да Берасьця займае тры гадзіны, з Тарэспалю да Беластоку — яшчэ тры гадзіны. Значыць, агульны час дарогі Горадня — Беласток (паміж імі 80 км) павялічваецца на 4 гадзіны, і гэта ня лічачы часу на самой мяжы. Паездка ў Польшчу празь Літву будзе яшчэ даўжэйшай.

«А можа, Кузьніцу заўтра адкрыюць?»

«Пытаньне, закрыюць Баброўнікі ці не. Давайце пачакаем да заўтра і даведаемся дакладна. А можа, Кузьніцу (найбліжэйшы да Горадні памежны пераход з Польшчай, закрыты ў разгар „мігранцкага крызісу“. — РС) заўтра адкрыюць? Пра тое, што на Баброўніках будуць рабіць рамонт, даўно гаварылі, але і на Кузьніцу зьбіраюцца дарогу падводзіць пад іншы маршрут», — гарадзенец Генрых* (імёны герояў зьмененыя дзеля бясьпекі суразмоўцаў) да апошняга ня хоча верыць, што зьнікне яшчэ адзін маршрут у Польшчу.

Ён памятае, як езьдзіў у Польшчу праз Кузьніцу.

«Баброўнікі ніколі не былі для горадзенцаў важнымі, пакуль не закрылі Кузьніцу. Цяпер гэта найбліжэйшае, праз што можна даехаць да Беластоку. Што будзе, калі і яго закрыюць, няясна», — кажа ён.

Генрых разважае, што тады давядзецца езьдзіць або празь Берасьце, або празь Літву.

«На літоўскім пераходзе будзе каляпс. Усё будзе залежаць ад працы літоўскай мытні і памежнікаў. Калі будуць пускаць так, як цяпер, то будзе капец поўны. Там недастаткова палос для транспарту», — мяркуе суразмоўца.

«Раней заўсёды можна было паехаць дзень у дзень»

Мянчанка Анжаліка таксама пэрыядычна езьдзіць у Польшчу.

«Калі трэба было ў Беласток, то езьдзіць праз Баброўнікі было зручна. Заўсёды можна было зарэзэрваваць маршрутку і дзень у дзень паехаць, нягледзячы на тое, што, калі едзеш зь беларускага боку, трэба было стаяць у чарзе гадзін 8–10, што таксама вельмі вялікае выпрабаваньне», — прызнаецца яна.

Мянчанка і раней ужо часам выбірала маршрут празь Літву, бо яго псыхалягічна было лягчэй пераносіць.

«Хоць дарога ў гадзінах атрымліваецца даўжэйшай, літоўскую мяжу было праходзіць лягчэй, менш часу стаіш непасрэдна на мяжы — 2–3 гадзіны. Калі ты едзеш, карцінка за вакном зьмяняецца, гэта пераносіцца лепш, чым калі ты дзесяць гадзін стаіш і чакаеш, пакуль маршрутка пасунецца на 10 мэтраў бліжэй да шлягбаўма», — разважае яна.

Калі цяпер асноўны паток беларусаў накіруецца на Вільню, то і там давядзецца стаяць на мяжы па дзесяць гадзін, думае яна.

Анжаліка мяркуе, што зараз яна сама і іншыя беларусы будуць езьдзіць у Польшчу радзей, бо дарога стане яшчэ цяжэйшай і даўжэйшай.

«Вельмі шкада, што прынялі такое рашэньне. Марнаваць суткі на дарогу непрыемна», — падсумоўвае яна.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG