Больш за 20 расейскіх генэралаў загінулі падчас баявых дзеяньняў ва Ўкраіне зь лютага мінулага году, напісала газэта «Нікэй» са спасылкай на зьвесткі японскай выведкі.
Масавая гібель высокапастаўленых афіцэраў і генэралаў зьяўляецца незвычайнай для краін Захаду і можа ўказваць на слабасьць расейскага войска, гаворыцца ў публікацыі. Сьпіс стратаў у матэрыяле не прыводзіцца, імёны нябожчыкаў не называюцца.
У адкрытых крыніцах зьяўлялася інфармацыя пра гібель чатырох расейскіх генэралаў, вынікае з маніторынгу выданьня «Медиазона». Адзін зь іх, 63-гадовы генэрал-маёр Канамат Баташаў, на момант гібелі афіцыйна знаходзіўся ў адстаўцы і служыў у авіяцыі ПВК «Вагнэр».
Раней вайсковыя экспэрты адзначалі, што адносна высокая доля гібелі старшых афіцэраў у расейскім войску зьвязана з тым, што ім даводзіцца ўручную кіраваць баявымі дзеяньнямі на полі бою.
«Нікэй» адзначае, гібель генэралаў можа тлумачыцца таксама перавагай Украіны ў радыётэхнічнай выведцы і створанай сеткай інфарматараў на кантраляваных расейскім войскам тэрыторыях Украіны.
Прадстаўнік японскай выведкі паведаміў газэце, што неплатаздольнасьць расейскага войска, якая дэманструецца гібельлю генэралаў, можа турбаваць Кітай, і Пэкін мог пачаць аказваць прыхаваную ваенную дапамогу Маскве.
Расея не раскрывае страт ва Ўкраіне, заходнія крыніцы ацэньваюць іх у дыяпазоне ад 100 да 200 тысяч чалавек з улікам параненых.
Масква заяўляе аб гібелі дзясяткаў украінскіх генэралаў падчас баявых дзеяньняў, адкрытыя зьвесткі гэтага не пацьвярджаюць. Кіеў страт таксама не раскрывае.