Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына ўхваліла пастаўку 178 танкаў тыпу «Леапард 1» Украіне


Урад Нямеччыны ўхваліў пастаўку агулам 178 танкаў тыпу «Леапард 1» Украіне. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністэрства эканомікі і міністэрства абароны Нямеччыны.

Колькі танкаў будзе пастаўлена і калі, залежыць ад іх стану і «неабходных рамонтных работ». Цяпер танкі знаходзяцца на прадпрыемствах абароннай прамысловасьці або ў буйных сховішчах.

Як паведамляе партал інфармацыйнай праграмы Tagessschau агульнанацыянальнага тэлеканалу ARD, першыя два дзясяткі баявых машын павінны быць гатовыя да адпраўкі да лета. Канчатковай мэтай зьяўляецца пастаўка Кіеву больш за 100 танкаў у першым ці другім квартале 2024 году.

Паводле інфармацыі выданьня Spiegel, адміністрацыя канцлера Нямечыны рыхтавала зьдзелку па пастаўцы «Леапард 1» працяглы час. Газэта Süddeutsche Zeitung таксама паведамляла, што нямецкае абароннае прадпрыемства правядзе рамонт 90 баявых машын гэтага тыпу, якія ўжо некалькі гадоў стаяць у сховішчах.

Яшчэ 88 танкаў «Леапард 1» будуць прывезеныя з Італіі. Абаронны канцэрн Rheinmetall ужо некалькі месяцаў таму атрымаў магчымасьць закупіць там старыя машыны. Выдаткі па рамонце танкаў будзе несьці ўрад Нямеччыны. Фінансавыя сродкі будуць выдзеленыя з пакета дапамогі ўкраінскаму войску.

У Кіеў сёньня прыбыў кіраўнік Мінабароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс. Ён пацьвердзіў зьвесткі пра будучыя пастаўкі «Леапард 1» і ўдакладніў, што Ўкраіна атрымае гэтыя танкі з шэрагу эўрапейскіх краінаў.

Бундэсвэр канчаткова перастаў выкарыстоўваць «Леапард 1» у 2003 годзе і замяніў іх новай мадэльлю «Леапард 2». Гэты тып машын хутчэйшы і нашмат лепш браніраваны.

Каля двух тыдняў таму канцлер Олаф Шольц заявіў аб гатоўнасьці Нямеччыны паставіць Украіне 14 сучасных танкаў тыпу «Леапард 2» з запасаў бундэсвэру. Яны павінны быць перададзены ўкраінскай арміі ў канцы сакавіка.

Бэрлін спрабуе пераканаць іншыя эўрапейскія краіны і іншых партнэраў па NATO абсталяваць, сама меней, два батальёны танкамі «Леапард 2». Канцлер, як піша выданьне Spiegel, асабіста правёў тэлефонныя перамовы з лідэрамі эўрапейскіх краінаў, але да гэтага часу згоды ні ад адной краіны не паступіла.

Урад Нямеччыны спрабуе таксама нарыхтаваць дастаткова баявых снарадаў для «Леапард 2». Прадстаўнікі абаронных прадпрыемстваў паведамляюць, што да адпраўкі гатовы толькі 25 тысяч адзінак боепрыпасаў. Ужо зараз можа быць запушчаны выраб снарадаў калібру 105 мм, але іх пастаўка можа пачацца толькі празь некалькі месяцаў.

Паводле інфармацыі Süddeutsche Zeitung, праблему ўяўляе таксама транспартаваньне шматтонных баявых машын па чыгунцы. Нямеччыне трэба будзе праверыць стан чыгуначнага палатна і мастоў на ўсім участку шляху.

  • Кіеў неаднаразова зьвяртаўся да ўраду Бэрліну з просьбай аб пастаўках «Леапардаў». У апошнія месяцы ўкраінскі бок гаварыў аб неабходнасьці мець сама меней 300 сучасных машын тыпу «Леапард 2».
  • У студзені Нямеччына пасьля доўгіх ваганьняў ухваліла пастаўкі ва Ўкраіну сваіх асноўных баявых танкаў «Леапард 2» як непасрэдна з запасаў Бундэсвэру, гэтак і ад краінаў Эўразьвязу, якія раней закуплялі гэтыя танкі.
  • Кіеў і Бэрлін заяўлялі, што танкі ня будуць выкарыстоўвацца на тэрыторыі Расеі ў яе афіцыйна прызнаных сусьветнай супольнасьцю межах. Тэхніка будзе задзейнічаная толькі для вызваленьня тэрыторыі Ўкраіны.
  • Амбасадар Расеі ў Нямеччыне Сяргей Нячаеў назваў рашэньне Бэрліну па танках «вельмі небясьпечным». «Рашэньне пераводзіць канфлікт на новы ўзровень супрацьстаяньня і супярэчыць заявам нямецкіх палітыкаў аб нежаданьні Нямеччыны ўцягвацца ў яго», — сказаў Нячаеў. Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што пастаўкі «Леапардаў» не абяцаюць нічога добрага для будучых адносін Бэрліну і Масквы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG