Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі людзей са зброяй у руках ваявалі за БНР. ВІДЭА


Калі ў Беларусі пачалі ствараць сваё войска? Як беларусы баранілі Варшаву ад беларусаў у войску Тухачэўскага? Колькі людзей са зброяй у руках ваявалі за БНР і яе ідэалы?

Пра гэта і пра іншае на новым Ютуб-канале «Гісторыя на Свабодзе» мы гаворым зь беларускім гісторыкам з Польшчы, прафэсарам Алегам Латышонкам, аўтарам кнігі «Жаўнеры БНР».

  • 1:05 – калі ў Беларусі пачалі ствараць сваё уласнае беларускае войска
  • 3:13 – ці дастаткова намаганьняў прыклалі дзеячы БНР для стварэньня беларускага войска
  • 5:01 – ці праўда, што немцы ў 1918 годзе не дазволілі стварыць беларускае войска таму, што ў Радзе БНР пераважалі сацыялісты
  • 6:44 – ці быў генэрал Станіслаў Булак-Булаховіч беларускім вайскоўцам
  • 8:07 – чаму Булак-Балаховіч пісаў патрыятычныя вершы на беларускай мове
  • 9:27 – наколькі шырокаю была беларуская партызанка, якую ва ўмовах польскай акупацыі 1919 – 1020 гадоў спрабавалі разгарнуць эсэры на чале з Вацлавам Ластоўскім
  • 10:53 – якая сувязь паміж Булак-Балаховічам і беларускімі партызанскімі аддзеламі «Зялёнага дубу»
  • 13:25 – ці добра ў наш час дасьледаваная беларуская партызанка 1920-х гадоў у БССР і Заходняй Беларусі
  • 14:44 – калі і як беларусы баранілі Польшчу ад беларусаў
  • 16:36 – колькі беларусаў ваявалі ў савецкім войску Тухачэўскага
  • 17:21 – колькі людзей са зброяй у руках баранілі ідэалы БНР і беларушчыну

Фрагмэнт размовы:

— 102 гады таму адбываўся пераход у Польшчу і раззбраеньне вайскоўцаў Слуцкай брыгады БНР. Добрая нагода пагаварыць пра беларускія вайсковыя фармаваньні ў 10-я — 20-я гады ХХ стагодзьдзя. Балазе, і кнігу адпаведную ты некалі напісаў. Але ня ўсе яе чыталі і не пра ўсё, што ведаеш, ты там напісаў, відаць. Калі ў Беларусі пачалі ствараць сваё уласнае войска?

— Беларускія вайсковыя часткі пачалі фармавацца ў Расейскай імпэрыі падчас Першай сусьветнай вайны яшчэ да лютаўскай рэвалюцыі 1917 году. На Румынскім фронце у беларускія вайсковыя часткі ўваходзіла да 100 тысяч чалавек. Гэтыя адзелы стаялі на тэрыторыі сучасных Румыніі і Малдовы. Але калі прыйшоў час змагацца за незалежнасьць БНР і гэтыя вайскоўцы паспрабавалі рушыць у Беларусь, румынскія ўлады іх расфармавалі і раззброілі, так што вайскоўцы былі вымушаныя вяртацца ў Беларусь хто як.

БНР не была створаная немцамі, яна была абвешчаная якраз супраць немцаў. Але пасьля прыходу нямецкіх войскаў у Менск, нямецкае камандаваньне ва ўмовах акупацыі не дазволіла БНР стварыць уласныя вайсковыя фармаваньні. А беларусы на чале з палкоўнікам Кастусём Езавітавым, якія перад прыходам немцаў паднялі разам з палякамі паўстаньне супраць бальшавікоў і выгналі іх зь Менску, былі пасьля немцамі арыштаваныя.

Чаму немцы не хацелі дзяржаўнасьці Беларусі? Бо тая частка тэрыторыі Беларусі, якую займалі немцы, была фактычна ачышчаная расейскімі ўладамі ад аўтахтоннага насельніцтва. Перад прыходам немцаў людзі былі выселеныя са сваіх хатаў і пагнаныя ўглыб Расеі ў бежанства. Захаваліся ўспаміны нямецкага генэрала Эрыха Людэндорфа пра адсутнасьць беларускага насельніцтва, у якіх ён напісаў, маўляў, шукалі мы гэтых беларусаў, але нікога не знайшлі.

— Малавядомай старонкай беларускай гісторыі зьяўляецца партызанская актыўнасьць эсэраў вясной 1920 году. Зімой 1919 — 1920 гадоў адбыўся раскол у Радзе БНР, пасьля якога эсэры на чале з Ластоўскім вырашылі рыхтавацца да ўзброенай барацьбы з палякамі. Наколькі шырокім быў той партызанскі рух?

— Пры наступе палякаў на тэрыторыю Беларусі ў 1919 годзе шмат беларускіх партызанскіх аддзелаў ваявалі на баку палякаў супраць бальшавікоў, бо беларусы лічылі, што палякі вызвалілі іх ад бальшавіцкай улады. Слуцкае паўстаньне рыхтавалася беларусамі як паўстаньне супраць палякаў. Але ход гісторыі вырашыў, што ваяваць случакам давялося супраць расейскіх бальшавікоў.

У пачатку 1920-х гадоў у БССР дзясяткі тысяч партызанаў ваявалі супраць бальшавікоў. Таксама тысячы беларусаў змагаліся ў партызанскіх атрадах супраць палякаў у пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі.

— Ці здаралася ў тыя часы беларусам ваяваць супраць беларусаў?

— У часе польска-савецкай вайны 1919 — 1921 гадоў адбылася вырашальная бітва за польскі горад Разымін. З аднаго боку білася літоўска-беларуская дывізія польскага войска, а зь іншага боку — Омская дывізія савецкага войска, у складзе якой ваявала Беларуская брыгада. Яна некалі ў рамках фармаваньня нацыянальных адзінак у расейскім войску была ўтвораная ў Беларусі на нямецкім фронце, а пасьля ў якасьці пакараньня была сасланая на Далёкі Ўсход. Калі пачынаўся паход Тухачэўскага на Польшчу, брыгада была зноў перакінутая на захад. Фактычна на вуліцах Разыміна беларусы біліся супраць беларусаў.

Тухачэўскі правёў у Беларусі «маланкавую мабілізацыю». Адмовіцца было немагчыма. Калі прызыўнік не зьяўляўся, бальшавікі расстрэльвалі ўсю сям’ю. Таму было мабілізавана каля 100 тысяч беларусаў.

— Чаму не ўдалося стварыць паўнавартаснага беларускага войска? Недзе схібілі самі дзеячы БНР? Ці сама глябальная геапалітычная сытуацыя не дазволіла? І як бы ты ацаніў колькасьць людзей, якія ў тыя часы са зброяй у руках баранілі ці хацелі бараніць Беларусь і беларушчыну?

— За ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі у розныя часы ваявалі некалькі рэгулярных вайсковых фармаваньняў, у назьве якіх было слова «Беларускі». Паводле падлікаў прафэсара Латышонка, у іх уваходзілі 11 тысяч чалавек. Беларускіх партызанаў у тыя часы былі многія дзясяткі тысяч, але ня ўсе зь іх ваявалі за БНР. Гэта нямала.

Для параўнаньня: за незалежнасьць Канады — нашмат большай за Беларусь дзяржавы — змагаліся ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

Колькі людзей са зброяй у руках ваявалі за БНР
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:21:21 0:00
Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG