Гісторыя пачалася з таго, што дзьве 15-гадовыя дзяўчыны ў Менску насупраць Сьвята-Духавага катэдральнага сабору ў Менску падпалілі папяровы абразок Божай Маці. Ініцыятыва «Хрысьціянская візія» даведалася, што да крымінальнай справы па гэтым факце датычны мітрапаліт Веньямін. Дзяржаўная газэта «СБ. Беларусь сегодня» ўзяла ў герарха інтэрвію, у якім ён адхіліў абвінавачаньні.
«Вядома, мы не настойвалі на завядзеньні крымінальнай справы. Больш за тое, хадайнічалі аб тым, каб дзяўчат не прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці. Бо любы дарослы скажа, што гэта несьвядомая пазыцыя. Зразумела, нельга такія ўчынкі ігнараваць, рабіць выгляд, што нічога не адбылося, але ёсьць розныя мэтады. Мы гутарылі і з бацькамі падлеткаў, і з самімі дзяўчаткамі. Галоўная наша мэта — усьведамленьне імі свайго ўчынку і выпраўленьне. Можа быць, наша ўвага, добразычлівыя адносіны і малітва дапамогуць ім знайсьці правільную дарогу ў жыцьці», — заявіў Веньямін.
Па інфармацыі «Хрысьціянскай візіі», Веньямін асабіста патрабаваў перадаць у Сьледчы камітэт відэа з царкоўных камэр назіраньня, якое сьведчыць, што дзяўчаты трымаюць падпаленую папяровую іконку.
Пасьля спаленьня абразка дзяўчат затрымала міліцыя. Супраць іх распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) КК Рэспублікі Беларусь. У Сьледчым камітэце сказалі, што разгледзяць «пытаньне аб дадатковай кваліфікацыі дзеяньняў затрыманых». Праводзілася размова з бацькамі дзяўчат, зь імі сустракаўся сам мітрапаліт.