Пытаньне з адстаўкай міністра абароны Ўкраіны Аляксея Рэзьнікава на гэтым тыдні разглядацца ня будзе, пра гэта паведаміла намесьнік старшыні Камітэту Вярхоўнай Рады па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і выведкі Марʼяна Бязуглая.
Дэпутатка напісала, што на гэтым тыдні адставак і прызначэньняў ня будзе. Бязуглая растлумачыла, што рашэньне прынятае з улікам рызыкаў магчымага наступу Расеі і «для сыстэмы ў цэлым перад Рамштайнам» (чарговая сустрэча міжнароднай кантактнай групы па пытаньнях вайсковай дапамогі Кіеву).
Днём раней кіраўнік фракцыі правячай партыі «Слуга народа» ва ўкраінскай Вярхоўнай Радзе Давід Арахамія ў сваім тэлеграм-канале паведаміў пра кадравыя прызначэньні і перастаноўкі ў сілавым блёку краіны. Паводле яго слоў, пасаду міністра абароны пакіне Аляксей Рэзьнікаў, на яго месца, як сьцьвярджаў Арахамія, нібыта будзе прызначаны кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны генэрал-маёр Кірыла Буданаў.
Сам Рэзьнікаў назваў гэтую інфармацыю памылкай, заявіўшы, што зь ім гэтае пытаньне не абмяркоўвалася.
«Калі раптам мне такая прапанова паступіла б ад прэзыдэнта Ўкраіны ці прэмʼер-міністра, то я адмовіўся б ад яе, таму што ў мяне няма экспэртызы, якая дазваляла б мне якасна быць кіраўніком Міністэрства па пытаньнях стратэгічных галін прамысловасьці. Таму я думаю, што гэта памылка», — заявіў міністар абароны.