Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як атрымаць мэдычную дапамогу беларусу ў Польшчы, Літве, Грузіі і колькі гэта каштуе. Тлумачым на рэальных прыкладах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шмат беларусаў у апошнія гады вымушаныя былі пераехаць у іншыя краіны: Польшчу, Літву альбо бязьвізавую Грузію. Разьбіраліся, як працуе мэдыцына ў гэтых краінах.

Польшча: сума ўнёску ў NFZ у месяц складае прыкладна 145 даляраў

У Польшчы мэдыцына страхавая. Гэта азначае, што альбо працадаўца плаціць унёскі за свайго супрацоўніка, альбо чалавек самастойна аплачвае страхавы поліс.

За мэдыцынскае страхаваньне ў Польшчы адказвае Нацыянальны фонд здароўя (Narodowy fundusz zdrowia, NFZ), куды паступаюць усе ўнёскі. Гэта так званае абавязковае страхаваньне.

Калі чалавек афіцыйна працаўладкаваны, ёсьць працоўная дамова альбо дамова падраду (umowa o pracę, umowa zlecenia), працадаўца сам штомесяц пералічвае 9% ад прыбытку ў NFZ. Застрахаваны можа ўпісаць у сваю страхоўку сямейнікаў, якія не працуюць (гэта не павялічыць сумы падатку).

Але пры ўмове падраду часам узьнікаюць праблемы: трэба перапытацца ў працадаўцы, ці пералічвае ён унёскі ў NFZ, так што будзьце пільнымі.

Страхоўка NFZ абавязковая. Можа атрымаць штраф, калі яе няма

Пералічваць унёскі ў NFZ можна і добраахвотна. Гэта могуць зрабіць усе асобы, якія не працуюць паводле працоўнай дамову і ня ўпісаныя ў страхоўку кагосьці з родных. Напрыклад, студэнты, якія прыехалі зь іншых краінаў (якія не ўваходзяць у ЭЗ), іншаземцы, якія часова не працуюць.

Сума ўнёску прывязана да памеру мінімальнага заробку. Мінімальны заробак у Польшчы павялічваецца кожны квартал.

У студзені, лютым, сакавіку сёлета сума ўнёску складае 626,93 злотых у месяц.

Варшава
Варшава

У межах страхоўкі NFZ чалавек можа запісацца на візыт да доктара ў паліклініку, скарыстацца паслугамі лябараторыі (пры наяўнасьці накіраваньня на аналізы), атрымаць лячэньне ў шпіталі (стацыянарна), атрымаць зьніжку на некаторыя лекі (па рэцэпце ад лекара).

Маючы страхоўку, чалавек можа выбраць любую паліклініку і любога сямейнага лекара (не абавязкова па месцы жыхарства).

Сямейны лекар дае накіраваньні да вузкіх спэцыялістаў, на аналізы, розныя дасьледаваньні, накіраваньні на шпіталізацыю.

Праблемы дзяржаўнай мэдыцыны: не стае дактароў, чакаць прыёму вузкага спэцыяліста даводзіцца месяцамі

Можна чакаць візыту, напрыклад, да эндакрыноляга, некалькі месяцаў, нават паўгода. Каб зрабіць УГД сэрца, суставаў, трэба чакаць 4-5 месяцаў. Калі ёсьць падставы, у шпіталізацыі не адмаўляюць.

NFZ разьмяркоўвае грошы па рэгіёнах мэдыцынскіх установах. А таксама заключае дамовы з рознымі прыватнымі мэдцэнтрамі. Многія прыватныя клінікі па дамове з NFZ аказваюць паслугі бясплатна — кансультацыі лекараў, абсьледаваньні, стаматалягічныя паслугі. Пры гэтым у Польшчы няма асаблівай розьніцы паміж дзяржаўнымі і прыватнымі мэдустановамі, усё на высокім узроўні з добрымі стандартамі абслугоўваньня.

Можна купіць страхоўку ў прыватным мэдцэнтры — выбраць найбольш зручны страхавы поліс, пакет у Medicover, Luxmed, PZU ды іншых цэнтрах для сябе, для сям’і. Цана пытаньня — ад 600 злотых да 6 тысяч злотых.

Калі высокая тэмпэратура ці сардэчны прыступ, «хуткая» не паедзе

А вось хуткую дапамогу можна выклікаць у Польшчы толькі ў сапраўды сур’ёзных выпадках, да якіх адносяцца: страта прытомнасьці, раптоўнае спыненьне сэрца, дарожна-транспартнае здарэньне, падзеньне з вышыні, раны з моцным крывацёкам, сутаргі. Дыспэтчар сам вызначае, ехаць ці ня ехаць «хуткай» да пацыента.

Калі ў вас проста высокая тэмпэратура альбо павышаны ціск, хуткая не паедзе. Параяць ехаць у шпіталь самастойна.

Калі нездаровіцца ўвечары, у выходны ці сьвяточны дзень, калі чалавек можа рухацца, ён самастойна едзе ў Шпітальны аддзел ратунковы (SOR).

Дзяжурны доктар разьмяркоўвае, наколькі тэрмінова трэба аказаць дапамогу. І прысвойвае пэўны колер. Чырвоны — дапамога неабходная ў першую чаргу. Зь зялёным можна чакаць дапамогі некалькі гадзін.

«Стаўленьне да пацыента больш паважлівае. Тут не эканомяць на на расходніках»

Ганна жыве ў Польшчы больш за 10 гадоў. Сутыкалася з рознымі выпадкамі. Перакананая, што мэдыкі тут уратуюць, памерці не дадуць, калі ёсьць страхоўка. Калі няма — таксама выратуюць, але потым могуць выставіць сур’ёзны рахунак.

«Апаратура, аснашчэньне паліклінік, шпіталяў тут на даволі добрым узроўні. Нават у невялікіх гарадках. Стаўленьне да пацыента больш паважлівае. Тут не эканомяць на на расходніках — памятаю, як у Менску заўсёды насіла на прыём да доктара сваю прасьцінку ці ручнік. Мэдсёстры маюць высокую кваліфікацыю. Калі я хварэла на ковід, мне па пошце даслалі прыбор для вымярэньня сатурацыі і некалькі разоў на дзень я павінна была адсылаць мэдыкам свае паказчыкі», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Ганна.

Але да стандартнай страхоўкі NFZ людзям даводзіцца купляць яшчэ і дадатковыя пакеты: каб доктар прыехаў дадому, каб зрабіць нейкія дадатковыя аналізы. Гэта Ганьне не падабаецца. Як і не падабаецца тое, што з выклікам хуткай дапамогі бываюць праблемы.

«Неяк мы ратавалі калегу з падазрэньнем на інфаркт. Выклікалі „хуткую“. Дыспэтчарка вызначыла, што ўсё сур’ёзна, і чалавеку тэрмінова зрабілі апэрацыю. Зь ім цяпер усё добра.

У іншага чалавека быў сардэчны прыступ, але дыспэтчар хуткай сказаў: бярыце таксоўку і вязіце ў шпіталь.

Калі ёсьць хранічныя хваробы, зь імі ўсё значна горш. Трэба ісьці да лекара радзіннага (сямейнага. — РС) які дасьць накіраваньне да вузкага спэцыяліста. А там ужо чарга. І яна можа быць на паўгода.

Калі нешта здараецца ўвечары, уначы, у выходныя, сьвяты — трэба ехаць у шпіталь ці „Начную апеку здароўя“ (Nocna opieka zdrowotna). І табе прысвояць колеравую адзнаку — наколькі хутка акажуць дапамогу. Але там можна праседзець у чарзе некалькі гадзін. Лекар у шпіталі скажа, што рабіць далей», — кажа Ганна.

Калі штосьці тэрміновае, часьцяком яна вымушаная ісьці ў прыватны мэдцэнтар. Бо, заплаціўшы грошы, да доктара можна трапіць у той жа дзень. Часьцяком там працуюць тыя самыя дактары, што і дзяржаўнай клініцы, кажа Ганна.

Грузія: гадавая страхоўка каштуе крыху больш за 300 даляраў

У Грузіі страхавая мэдыцына, нічога бясплатнага тут няма. І ня толькі для іншаземцаў. Для грамадзян Грузіі мэдыцына таксама платная. Але са зьніжкай 30% ад звычайнага кошту. Лячэньне анкалягічных і некаторых іншых сурʼёзных захворваньняў дзяржава часткова ці цалкам пакрывае.

У сярэднім мэдычная страхоўка ў Грузіі абыходзіцца ў 900 лары ў год (больш за 300 даляраў. — РС). Ёсьць розныя пакеты. Страхавыя кампаніі працуюць і з іншаземцамі, прычым незалежна ад іх статусу ў краіне: вы можаце быць звычайным турыстам, без часовага ці пастаяннага віду на жыхарства. Дамова заключаецца на 1 год. Уся сума плаціцца адразу (раней можна было ўносіць некалькі больш дробных плацяжоў).

Тбілісі
Тбілісі

Ёсьць адзін важны нюанс — дамову вам дадуць цалкам на грузінскай мове, да чаго ў далейшым страхавая кампанія будзе пасьпяхова і пастаянна апэляваць: «Мы гэта не пакрываем — у дамове гэта дакладна прапісана». Таму многія карыстаюцца паслугамі страхавога агента.

Галоўная асоба — сямейны лекар

Аформіўшы страхоўку, трэба запісацца да сямейнага лекара (візыт бясплатны). Ён прымае, аглядае пацыента, робіць нейкія дасьледаваньні. Калі ёсьць неабходнасьць, сямейны лекар (ён жа тэрапэўт) дае накіраваньне да вузкага спэцыяліста і прапісвае неабходныя аналізы, дасьледаваньні.

Калі вузкі спэцыяліст прапісвае дадатковыя аналізы, дасьледаваньні — абавязкова трэба зьвярнуцца да тэрапэўта па пацьверджаньне. Толькі ў такім выпадку на дадатковыя працэдуры будзе пашырацца страхоўка.

Калі гаворка ідзе аб апэрацыях або дарагіх працэдурах (да прыкладу, тамаграфія), клініка складае адмысловую форму А100, якую неабходна адправіць на e-mail страхавой кампаніі. На працягу дзесяці дзён пацыенту прыйдзе адказ аб магчымасьці і суме пакрыцьця.

Мэдычная страхоўка ў Грузіі часткова пакрывае таксама выпісаныя доктарам лекі (да 45-50%) і стаматалёгію. Аднак трэба ўдакладняць загадзя, зь якімі стаматалягічнымі клінікамі ў страхавой кампаніі заключаны дамовы і на якіх умовах.

У сярэднім простыя працэдуры (чыстка, лячэньне карыесу, плёмба) пакрываюцца на 50-70%, пакрыцьцё пратэзаваньня альбо імплянтацыі — у межах 10-50%.

Хуткая дапамога і экстраныя апэрацыі ў Грузіі бясплатныя

Прычым, для ўсіх: і для грузінаў, і для іншаземцаў. Беларуска Алена жыве ў Грузіі больш за год, рэлякавалася разам з супрацоўнікамі ІТ-кампаніі. Яна лічыць, што без страхоўкі, асабліва калі ёсьць дзеці, у Грузіі абысьціся немагчыма.

«У сярэднім адзін візыт да лекара каштуе 60-70 лары (1 даляр каштуе 2,8 лары, курс, амаль як у Беларусі. — РС). Мой страхавы пакет каштуе 840 лары на год. Калі людзі працуюць афіцыйна, страхоўку звычайна аплочвае кампанія», — дзеліцца жанчына.

Усё трэба рабіць празь сямейнага лекара. Каб атрымаць накіраваньне да вузкага спэцыяліста, на аналізы, у Беларусі зьвяртаюцца да ўчастковага, а ў Грузіі ты ідзеш да сямейнага лекара (ці да пэдыятра, калі гэта тычыцца дзіцяці).

«Запіс да сямейнага лекара ажыцьцяўляецца праз асобную службу. У гэтай службе цяпер не размаўляюць па-расейску (раней гаварылі). Таму я кантактую праз страхавога агента. Званю ёй, яна запісвае мяне на зручны час. Можа запісаць нават дзень у дзень.

Мне падабаецца, што сямейны лекар дае накіраваньні на ўсе дасьледаваньні і працэдуры, якія ты хочаш. Трэба табе УГД шчытападобнай залозы ці брушной поласьці, аналізы крыві — не праблема. Калі ты гэта робіш у клініцы, зь якой супрацоўнічае страхавая кампанія — 90% аплочвае страхавая.

Да прыкладу, я здавала аналізы крыві на ўсё на сьвеце — уключна зь вітамінам Д, магніем, гармонамі шчытападобнай залозы — заплаціла 29 лары (крыху больш за 10 даляраў). А калі плаціць проста са сваёй кішэні, можаце ўявіць, якая гэта будзе кругленькая сума! То бок, страхоўка сябе акупляе дакладна», — перакананая Алена.

Што тычыцца экстраных выпадкаў, пераломаў, высокай тэмпэратуры, хваробы дзіцяці, у Грузіі без праблем можна выклікаць хуткую дапамогу.

«Мой маленькі сын пашкодзіў пальчык. Я зьбіралася ехаць на таксоўцы ў шпіталь, а страхавая агентка сказала: „Не-не-не, выклікаем хуткую“. Калі аказваюць дапамогу, ты чакаеш пацьверджаньня ад страхавой, ці 100% табе кампэнсуюць, ці нейкую суму мусіш заплаціць.

Але ёсьць нюанс, які мне не падабаецца. Сямейны лекар выпісвае лекі. У Грузіі ёсьць тры сеткі аптэк, дзе ты можаш набываць іх са зьніжкай па электронным рэцэпце. Вельмі часта бывае, што гэтых лекаў няма. Лекары даюць свае кантакты, ты з аптэкі тэлефануеш, доктару даводзіцца мяняць лекі на тыя, якія ёсьць у аптэцы.

Страхоўка не ўключае прышчэпкі дзіцяці. Мы хадзілі на прышчэпкі асобна, яны ў Грузіі бясплатныя. Але за прыём лекара ты мусіш заплаціць. Альбо аформіць гадавы пакет у пэдыятра.

Усе лекары размаўляюць па-расейску. Мне падабаецца стаўленьне лекараў да пацыентаў — прыхільнае, лагоднае, паважлівае, значна лепшае, чым у Беларусі.

Хаця самі грузіны адгукаюцца ня вельмі добра пра сваю мэдыцыну, яны часьцяком езьдзяць лячыцца ў Турэччыну», — кажа Алена.

Літва: абавязковае страхаваньне, унёсак — 60 эўра ў месяц, да спэцыялістаў чэргі

У Літве дзейнічае сыстэма абавязковага мэдычнага страхаваньня. Гэта значыць, што рэзыдэнты (пастаянныя жыхары) Літвы абавязаны плаціць унёскі ў Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхаваньня Sodra.

Кожны пастаянны жыхар Літвы ці ўладальнік дазволу на жыхарства штомесяц абавязаны плаціць унёскі АМС у памеры 6,98% свайго заробку. Нават калі заробку няма, грамадзянін абавязаны плаціць 6,98% ад мінімальнага заробку. У 2023 годзе памер унёску ў Sodra складае 58,63 эўра ў месяц.

Сьвяткаваньне 700-годьдзя Вільні
Сьвяткаваньне 700-годьдзя Вільні

Сплачаныя ўнёскі, незалежна ад іх памеру, даюць права на бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне. У тым ліку на пэўны абʼём стаматалягічных паслуг, а таксама на кампэнсацыю некаторых лекаў. Прычым гэта працуе ня толькі ў дзяржаўных, але і ў прыватных мэдычных установах.

Незастрахаваныя асобы таксама маюць права зьвяртацца ў мэдустановы, але бяз полісу ўсе паслугі і дасьледаваньні яны будуць аплачваць самастойна.

Асноўная праблема літоўскай мэдыцыны — загружанасьць дактароў

У Літве можна выбраць любую паліклініку і любога сямейнага лекара (гэта аналяг участковага тэрапэўта ў беларускіх паліклініках і «ключык» да ўсёй сыстэмы аховы здароўя). Часьцяком сямейны лекар, у поўнай адпаведнасьці са сваім званьнем, лечыць усю сямʼю, уключаючы дзяцей.

Толькі па накіраваньні сямейнага лекара можна бясплатна трапіць да вузкіх спэцыялістаў — гэта лекары другога ўзроўню. І, нарэшце, лекары трэцяга ўзроўню — гэта тыя ж адмыслоўцы, але больш высокага ўзроўню, прафэсары. Адмыслоўцы такога ўзроўню звычайна працуюць у дыягнастычных цэнтрах пры буйных шпіталях, і трапіць да іх можна з накіраваньнем ад лекара другога ўзроўню.

Праблема літоўскай мэдыцыны — загружанасьць дактароў. Трапіць да прыём да сямейнага доктара дзень у дзень амаль немагчыма.

Дактары не прыходзяць да вас дадому. Захварэлі самі, у дзіцяці высокая тэмпэратура — трэба ісьці ў паліклініку.

Прыватная мэдыцына дастаткова шчыльна інтэграваная зь дзяржаўнай

У Літве есьць і шырокая сетка прыватных цэнтраў. Прыватная мэдыцына дастаткова шчыльна інтэграваная зь дзяржаўнай, і яе паслугі ў значнай ступені пакрываюцца абавязковай дзяржаўнай страхоўкай.

Можна зьвярнуцца ў прыватны мэдцэнтар, каб атрымаць накіраваньне да адмыслоўца трэцяга ўзроўню, прафэсара, абыходзячы першы і другі ўзровень. Такі візыт можа каштаваць каля 30–60 і болей эўра.

У дзяржаўным шпіталі апэрацыю правядуць бясплатна, але чакаць яе давядзецца паўгода, а ў прыватным цэнтры платна, але хутка. Нават у прыватным мэдцэнтры застрахаваная асоба заплаціць толькі невялікую частку сумы, бо Бальнічная каса Літвы, якая аплачвае мэдустановам лячэньне пацыентаў, працуе як з дзяржаўнымі, так і з прыватнымі мэдцэнтрамі.

Хуткая дапамога ў Літве выклікаецца па тэлефоне 112 толькі ў сапраўды тэрміновых выпадках, калі няма сумневаў, што гаворка ідзе пра жыцьцё ці сьмерць. Калі вы не ўпэўненыя, што рабіць, і вам трэба пракансультавацца аб праблемах здароўя, для такіх кансультацый ёсьць асобны тэлефон — 113.

Да сямейнага лекара дзень у дзень ня трапіш, дактары на дом не выяжджаюць

Беларуска Надзея жыве ў Вільні амаль два гады. У сям’і ёсьць 8-гадовая дачка. Сям’я мае страхоўку.

«Калі маеш страхоўку, то можаш бясплатна абслугоўвацца ў сямейнага доктара, але запісацца дзень у дзень вельмі цяжка. Страхоўка многія лекі пакрывае цалкам, некаторыя — часткова. Але плястыр, напрыклад, не пакрываецца.

Дактары на дом не выяжджаюць, таму нават з тэмпэратурай 39 неабходна ехаць у клініку. Але затое на месцы робяць усе экспрэс-тэсты (за 5 хвілін) і адразу прызначаюць лячэньне ў адпаведнасьці з аналізамі.

Запісацца да профільных спэцыялістаў цяжка нават за грошы. Можна трапіць заўтра, а можна толькі праз два тыдні. Напрыклад, выдаленьне 4 бародавак дзіцяці каштавала 325 эўра, але гэтую суму пакрыла страхавая. Аднак страхоўка пакрывае далёка ня ўсё.

А калі праблемы з зубамі, то даволі хутка ты выйдзеш за ліміт і будзеш плаціць са сваёй кішэні. Праўда, гэтыя ўмовы могуць адрозьнівацца ў розных страхоўках. „Хуткую“ тут выклікаюць толькі ў надзвычайных выпадках, калі чалавек ня можа ісьці сам (пераломы, ціск, сэрца). А калі тэмпэратура, то магчымы проста сазвон з доктарам і вусныя рэкамэндацыі спэцыяліста», — падзялілася сваім досьведам мэдычнай дапамогі ў Літве беларуска Надзея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG