Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мэта — абараніць Украіну і вярнуцца ў Расею са зброяй у руках». Расейцы расказалі, чаму і як ваююць на баку Кіева ў легіёне «Свабода Расеі»


Цэзар
Цэзар

Легіён «Свабода Расеі» — падразьдзяленьне ў шэрагах Узброеных сіл Украіны, якое складаецца з расейскіх добраахвотнікаў.

Сваёй мэтай яны лічаць вызваленьне акупаваных Расеяй рэгіёнаў Украіны, а таксама барацьбу з Уладзімірам Пуціным, які, як сказана ў маніфэсьце легіёна, «зьнішчыў не толькі расейскую эканоміку, але і магчымасьць расейцаў разьвівацца і мець права на шчасьлівую будучыню». Журналіст расейскай службы Радыё Свабода Яўгеній Легалаў паразмаўляў з байцамі легіёну з пазыўнымі Цэзар і Ціхі.

Ціхі
Ціхі

Ціхі нарадзіўся ў горадзе Тальяці Самарскай вобласьці, працаваў будаўніком. Перад вайной ён часта бываў па працы ва Ўкраіне, а лютым 2022 года перабраўся з сям’ёй пад Кіеў на новы абʼект — там яго і засьпела вайна. У пачатку лета расеец падаў заяўку ў легіён, які ваюе ва Ўкраіне, мінуў усе праверкі і двухмесячную падрыхтоўку і адправіўся на фронт. «Чаму ў мяне такі пазыўны? Я не аматар пагаварыць, — сьмяецца ён, — ды і раблю ўсё па-ціхаму». Ціхі расказаў, што ў Расею вяртацца не плянуе і змагаецца выключна за вызваленьне Ўкраіны.

Цэзару 50 гадоў, ён родам з Санкт-Пецярбурга. Па адукацыі ён пэдагог, усё жыцьцё працаваў трэнэрам. Ён таксама далучыўся да легіёна ў пачатку лета. Выданьне «Агенцтва» сьцьвярджае, што Цэзар быў членам ультраправай нацыяналістычнай арганізацыі «Рускі імпэрскі рух» (РІД), але сам ён заявіў, што пакінуў РІД яшчэ да 2014 года.

Бойцы легіёну
Бойцы легіёну

«24 лютага — гэта быў шок. Але на другі дзень уварваньня мне стала зразумела, што ўсё было зроблена вельмі бяздарна і таму хутка скончыцца. З апэратыўнага пункту гледжаньня гэта дурдом. Мэханізаваны бліцкрыг, які прывёў да разгрому сіл ўварваньня», — кажа ён. Спачатку Цэзар спрабаваў запісацца ў Замежны легіён (Інтэрнацыянальны легіён Украіны — добраахвотніцкае воінскае падразьдзяленьне, створанае ўрадам Украіны ў складзе тэрытарыяльнай абароны УСУ ў лютым 2022 года для грамадзян замежных дзяржаў, якія жадаюць ваяваць на ўкраінскім баку — РС), але тады расейцаў у яго не бралі.

«Потым зьявіўся легіён „Свабода Расеі“, я падаў туды заяўку, прайшоў адпаведныя працэдуры і апынуўся тут, — распавядае Цэзар. — Я ўжо даўно зразумеў, што легальная зьмена ўлады ў Расеі немагчымая, таму што ўся ўлада знаходзіцца ў руках крамлёўскай дыктатуры. Я лічыў і лічу, што зьмена ўлады ў Расеі магчымая толькі ў выніку ўзброенага паўстаньня. Мы ваюем на баку дабра — на баку Ўкраіны. Пасьля перамогі Ўкраіны пытаньне зьмены ўлады ў Расеі паўстане асабліва востра».

— Колькі байцоў цяпер у шэрагах легіёна «Свабода Расеі»?

Цэзар: Мы ўвайшлі ў склад другога батальёна, а зараз фармуюцца ўжо трэці і чацьвёрты. Дакладную колькасьць мы ня можам ведаць, таму што мы разьмеркаваныя па ўсёй лініі фронту. Людзі тут абсалютна розныя. Ва ўсіх розныя лёсы, але нас абʼядноўвае мэта — абараніць Украіну і потым вярнуцца ў Расею са зброяй у руках. Расея сябе ўжо дыскрэдытавала, і ніякай нармальнай зьмены ўлады там ня будзе: яны ўчапіліся ў яе і гатовы пакласьці мільёны людзей, абы ўтрымацца. З імі можна разабрацца толькі з дапамогай сілы.

— У чэрвені 2022 года зьявілася інфармацыя аб тым, што былы віцэ-прэзыдэнт «Газпромбанка» Ігар Валабуеў уступіў у легіён. Дзе ён зараз?

Цэзар: Мы зь ім не перасякаліся. Мы ў розных падразьдзяленьнях ніяк не можам пракамэнтаваць.

— Вы як мінамётчыкі зараз ваюеце на бахмуцкім кірунку. Што зараз адбываецца ў раёне Бахмута?

Цэзар: Украінскае войска навязала суперніку бой на выгодных для сябе ўмовах. У той жа час палітычнае кіраўніцтва Расеі навязала расейскаму войску бой на невыгодных для яе ўмовах. Бахмут з пункту гледжаньня стратэгіі нічога не дае расейцам. Ім проста трэба прадэманстраваць нейкую перамогу. Яны паўгоду перамолваюць свае часткі, марнуюць сотні і тысячы вагонаў з боепрыпасамі. Бабы, вядома, яшчэ нараджаюць, але вось са снарадамі ў іх ужо напружанка. Зношваюцца артылерыйскія ствалы, згарае тэхніка ў баі. Дзеля чаго? У Данецкай вобласьці такіх гарадоў яшчэ штук 15. Паглядзіце на агламэрацыю Славянск — Краматорск. Калі яны з Бахмутам ня могуць зладзіцца, то што будзе там?

Зразумейце, што Пуцін ня ведае, як выбрацца з гэтай вайны. У яго ёсьць палітычная мэта — захапіць Данецкую вобласьць і абʼявіць гэта мэтай вайны. Мы вельмі сумняваемся ў яго здольнасьці «вызваліць» усю Данецкую вобласьць — мы яшчэ за Бахмут падзярэмся, папʼем варожай крыві. Мы будзем змагацца да перамогі, хаця яна не будзе хуткай і лёгкай.

— А мясцовае насельніцтва што расказвае? Як яны да вас ставяцца?

Шэўрон легіёна
Шэўрон легіёна

Цэзар: Многія прыхільнікі свабоднай Украіны пакінулі Бахмут — маладзейшыя, бадзёрыя. Засталося шмат старых — у іх у галаве яшчэ Савецкі Саюз. "Ждуны "«рускага свету» тут таксама ёсьць. Ёсьць і маргіналы — наркаманы, алькаголікі. Ёсьць людзі, якія супрацоўнічаюць са спэцслужбамі РФ. У той самы час тут шмат людзей, якія нас падтрымліваюць. Гэта вельмі прыемна, калі людзі крычаць табе «Слава Украіне». Ты разумееш, што ты не дарма стаіш на гэтай зямлі.

Ціхі: Людзі ўвесь час у пошуках вады, ежы, цяпла, таму здаецца, што яны ўсе на нас узлаваныя. Але яны могуць быць узлаваныя не на нас, а на сытуацыю, у якой яны апынуліся.

— Як мабілізацыя паўплывала на ход баявых дзеяньняў? Мы бачылі прарыў УСУ на харкаўскім напрамку, вызваленьне ўсёй вобласьці. Цяпер жа наступленьне УСУ прасоўваецца даволі павольна, а расейскія войскі, як сьцьвярджаюць ваенныя экспэрты, наадварот, маюць посьпехі на некаторых напрамках.

Цэзар: Вядома, мабілізацыя паўплывала на гэтыя працэсы, але роля гуляе яшчэ і недахоп узбраеньня ў УСУ. Калі б мы зараз атрымалі тыя самыя сілы і сродкі, якія запытваў генэрал Валерый Залужны, то пытаньня разгрому суперніка не стаяла б сёння ў прынцыпе. Жалеза мацнейшае за мяса. Вы бачыце, што HIMARS робіць: 20-30 машын пераламалі хаду вайны, і гэтых машын у Захаду яшчэ сотні. Танкаў у іх тысячы, а пра авіяцыю я ўвогуле маўчу. Калі б ва Ўкраіны была хаця б малая частка гэтай зброі, мы б ужо з Ціхім адзначалі нашу перамогу дзесьці на пляжы ў Крыме.

На жаль, Захад прагматычны і вельмі доўга разгойдваецца. Калі б Пуцін ведаў, што яму адразу пераламаюць хрыбет, то ні нападзеньня на Грузію, ні нападзеньня на Ўкраіну не было б.

— Вы сказалі аб сілавым пераходзе ўлады ў Расеі. Пры якіх абставінах гэта магчыма?

Цэзар: Пуцін будаваў дэгенэрацыйную дзяржаву, а сваім нападам на Ўкраіну ён спрабаваў вырашыць унутраныя праблемы. Маленькая пераможная вайна, «СССР 2.0», папулярнасьць будзе расьці, народ будзе задаволены, таму што імпэрскія амбіцыі расейцаў яшчэ не згаслі, — так павінна было быць, а па факце Пуцін атрымае найцяжкую ваенную паразу. Эліты і народ будуць лічыць, што вінаваты менавіта ён.

Дзяржава ўжо страціла манаполію на гвалт — паглядзіце на Прыгожына і Кадырава. Зьявіліся губэрнатары з добраахвотніцкімі батальёнамі. Аднойчы прэзыдэнт Татарстана можа проста сказаць: «Хлопцы, навошта мне вашыя праблемы? У мяне ёсьць нафта, газ і чатыры батальёны, давайце неяк без мяне».

Пасьля «магілізацыі» Пуцін рэзка падняў стаўку: раней ваявалі «зялёныя чалавечкі», а ўмоўны Вася з Саратава сядзеў з півам ля тэлевізара. Зараз Васю трэба падняцца, залезьці ў халодны акоп пад Бахмутам, а там яму на галаву прыляціць наша з Ціхім міна. Тут у Васі настроі могуць памяняцца. Калі Вася добра падумае, то, можа, і да нас далучыцца і мы разам пойдзем на Маскву. Вася, давай добра падумай!

— А ці гатовыя расейцы да сілавога сцэнарыя?

Цэзар: Насельніцтва ніколі ня будзе гатова. У грамадзянскай вайне ў Расеі прымаў удзел адзін працэнт усяго насельніцтва. Што такое адзін працэнт сёньня? Гэта паўтара мільёна чалавек. Гэтага хопіць, каб разабрацца з усімі злачынцамі. Тут пытаньне не ў колькасьці, а ў матывацыі, падрыхтоўцы і рэсурсах.

Да ўсяго трэба прыйсьці. Людзі павінны дасьпець, ім трэба даць карціну іншай будучыні. Калі людзі ўбачаць, што ёсьць карціна будучыні, ёсьць людзі, гатовыя за яе змагацца, вось тады дастаткова вялікая колькасьць адэкватных людзей пойдзе за імі. Мы зараз фармуем такую субʼектнасьць. Мы гатовы ўзяць на сябе адказнасьць за сваю краіну. Крамлёўскія нуварышы ня маюць права кіраваць народам — яны даўно сябе дыскрэдытавалі.

Я ваюю на баку дабра і буду абараняць Украіну да апошняга. Калі я да канца гэтай вайны застануся жывы, то я тым ці іншым спосабам патраплю ў Расею і буду далей ваяваць за волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG