Кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Марчанка адзначыў, што ў рэгіёне адбываюцца аварыйныя адключэньні электразабесьпячэньня. Да вечара 4 лютага без электрычнасьці ўжо амаль суткі заставаліся сама меней 500 тысяч жыхароў горада.
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль даручыў накіраваць у Адэсу ўсе магутныя генэратары, якія ёсьць у наяўнасьці ў Мінэнэрга.
Увечары ў суботу ў Адэсе ўдалося падключыць крытычную інфраструктуру горада да энэргазабесьпячэньня. Функцыянуюць сыстэмы водазабесьпячэньня, водаадвядзеньня, цеплазабесьпячэньня.
Пачынаючы з 10 кастрычніка, калі расейскія вайскоўцы ўпершыню нанесьлі масіраваны ракетны ўдар па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны, усе тры падстанцыі, якія сілкуюць Адэсу і вобласьць былі пашкоджаныя, што наўпрост адбілася на надзейнасьці энэргазабесьпячэньня рэгіёну.
У апошнія дні масіраваных расейскіх удараў ня было. Пры гэтым у суботу па ўсёй Украіне двойчы абʼяўлялася паветраная трывога.