Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў у Менску Стары горад і хто яго будаваў? ВІДЭА


На сямейным здымку ў белым барэце — бабуля аўтара кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргея Абламейкі Вера Лось-Паўлава. Менск, 1936 год
На сямейным здымку ў белым барэце — бабуля аўтара кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргея Абламейкі Вера Лось-Паўлава. Менск, 1936 год

Радыё Свабода пачынае ў новым YouTube-канале «Гісторыя на Свабодзе» публікацыю цыклю ілюстраваных відэагутарак пра Стары Менск.

У першай частцы цыклю аўтар кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргей Абламейка расказвае пра гістарычны цэнтар Менску, пра сваё дзяцінства ў ім і пра цывілізацыйную прыналежнасьць аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі.

  • 1:08 — адкуль у аўтара захапленьне старым Менскам
  • 3:07 — знаёмства з габрэйскай кухняй Старога гораду і Ракаўскага прадмесьця
  • 4:10 — як аўтар стаў сьведкам зносу Нямігі
  • 5:15 — культурны матыў аўтара — паказаць, што Менск быў эўрапейскім
  • 6:16 — якім Менск аднаўляць
  • 7:42 — дзе ў Менску быў Стары горад і што ад яго засталося
  • 12:30 — першы генплян Менску XVI стагодзьдзя
  • 13:59 — калі ўзьнікла самая старая мураваная вуліцы Менску
  • 16:50 — як выглядаў стары Менск
  • 18:32 — што пачала рабіць зь Менскам Расея пасьля яго захопу ў 1793 годзе
  • 22:28 — пра сакрэтны «Западный комитет», які ў ХІХ ст. займаўся зьнішчэньнем адрозьненьняў Беларусі ад «Внутренней России»
  • 23:26 — як цэхавыя традыцыі захоўваліся ў Менску ХІХ ст.
  • 25:30 — пра ідэалягічны зьмест рэстаўрацыі, бляху на дахах і таварыства «Менская спадчына»

Фрагмэнт размовы вядучага Сяргея Шупы зь Сяргеем Абламейкам:

— Адкуль у цябе захапленьне старым Менскам? Я таксама мянчук і падзяляю тваю любоў і мары пабачыць Стары горад адноўленым. Але дзе пачаткі тваіх пачуцьцяў?

— Ёсьць дзьве крыніцы ўсяго таго, што я напісаў пра Менск. Адна крыніца — сямейная. Гэта праўда, што мы з табой нарадзіліся ў Менску і любім яго. Але для мяне гістарычны Менск, які раней існаваў, прынамсі, тая яго частка, што заставалася пасьля вайны — Няміга, была месцам дзяцінства.

Да вайны сям’я маёй маці жыла на вуліцы Інтэрнацыянальнай, у двары насупраць сёньняшняга кінатэатру «Перамога», а пасьля апынулася на вуліцы Ратамскай (цяпер Мельнікайце) у Ракаўскім прадмесьці, што таксама недалёка ад гістарычнага цэнтру і Старога гораду. У дзяцінстве бацькі шмат працавалі, а мной займалася бабуля. Многія яе сяброўкі жылі на Нямізе. І вось да 10-12 гадоў я часта там бываў з бабуляй. Мы бавілі час у гасьцях, я гуляўся з унукамі і ўнучкамі бабуліных сябровак. Таму няміскія двары з драўлянымі галерэямі на першых і другіх паверхах, часам зашклёныя, я цудоўна памятаю. Памятаю гукі, пахі, смак ежы і прысмакаў. Сяброўкі бабулі пераважна былі габрэйкі.

Дарэчы, мы і на Ратамскай дзялілі адзін дом з габрэйскай сям’ёй, у нас была агульная кухня і агульная ежа. Адзін дзень на ўвесь дом гатавала мая прабабуля Марыя, а другі — цётка Сіма, якая працавала мясьніком на Юбілейным рынку там жа на Ратамскай. Таму ў нас дома заўсёды было мяса. Так што з габрэйскай кухняй Старога гораду я меў дачыненьне з самага маленства.

Важна таксама, што ў сям’і любілі гэтую частку гораду. Бабуля там нарадзілася і вырасла, маленькай яна гандлявала на Нізкім рынку пітной вадой, каб дапамагчы сям’і і зарабіць на дзіцячыя прысмакі.

Калі Нямігу пачалі зносіць, бабуля прывяла мяне на мост з Плошчы Свабоды на Паркавую магістраль, і мы глядзелі, як цяжкая тэхніка зносіла левы, няцотны бок нашай старой вуліцы. Мы прыходзілі туды шмат дзён. Зносы пачыналіся з былога Школьнага двара, кран расхістваў чыгунную «бабу» і біў па старых мурах. Бабуля плакала.

Дома дарослыя казалі, што былі яшчэ і пратэсты супраць зносу, былі публікацыі ў газэтах. Таму я зь дзяцінства ведаў, што тады была зробленая дрэнная рэч.

— Значыць, тыя ўдары «бабы» ты адчуваў недзе ьў сваім сэрцы?

— Так. Гэта было даволі дзіка. Мне было і цікава, але паколькі бабуля плакала, я разумеў, што творыцца нешта ня тое. Дарэчы, кнігу я прысьвяціў памяці бабулі, там ёсьць яе даваеннае фота, дзе зьнятая ўся наша сям’я па маці.

А другі матыў, які штурхаў мяне ўзяцца за гісторыю разбурэньня Старога гораду — гэта матыў беларускага інтэлектуала. У мяне была культурная мэта: паказаць, што Менск быў не такі, якім яго сёньня ўяўляе большасьць.

Гэтая мэта нарадзілася ў 80-я гады, калі мы з табой уваходзілі ў моладзевыя нефармальныя структуры. «Талака» бараніла рэшткі старога Менску. Тады стала зразумелая культурная каштоўнасьць старых камянёў.

Важна зразумець, што Менск быў не такі, якім яго пачало аднаўляць акцыянэрнае таварыства чыноўнікаў гарвыканкаму «Менская спадчына». На маю думку, яны пачалі рабіць зь Менску расейскі губэрнскі горад з крытымі бляхай дамамі і іншымі дэкаратыўнымі элемэнтамі.

Тут праявілася вялікая мэтадалягічная і ідэалягічная праблема: як аднаўляць Менск — расейскіх часоў ці дарасейскіх. Да канца XVIII стагодзьдзя мы не былі ў складзе Расеі. І вось пытаньне «як аднаўляць» — гэта чыста ідэалягічная справа. Напрыклад, якой мы хочам бачыць Сьвятадухаўскую царкву — рэнэсансную ці двойчы перабудаваную ў ХІХ стагодзьдзі ў казённым расейскім стылі.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах.

Наўпроставы лінк

Бясплатна спампуйце і чытайце кнігі «Бібліятэкі Свабоды»:

  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга першая. 2021 (PDF) (EPUB)
  • Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кніга другая. 2021 (PDF) (EPUB)

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG