Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода запусьціла новы YouTube-канал і падкаст пра «вайну гісторыяў»


Беларуская служба Радыё Свабода запускае новы YouTube-канал і падкаст «Гісторыя на Свабодзе».

YouTube-канал будзе цалкам прысьвечаны гістарычнай тэматыцы. Удзельнікі эфіру зь ліку беларускіх і замежных гісторыкаў разам з журналістамі Свабоды будуць шукаць гістарычныя аналягі сучасных падзеяў, раскажуць пра невядомыя факты беларускай і сусьветнай гісторыі і паспрабуюць па-новаму паглядзяць на факты вядомыя.

«Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Падзеі ва Ўкраіне не выключэньне. Расея страляе ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі, гістарычнай прапагандай. Украіна бароніцца ня толькі зброяй, але і нацыянальнай памяцьцю, — кажа рэдактар праекту «Гісторыя на Свабодзе» доктар гісторыі Сяргей Абламейка. — Беларусы таксама маюць сваё бачаньне гісторыі, якое цалкам адрозьніваецца ад расейскага. Рэжым у Менску трымаецца пераважна расейскага погляду. Таму мінуўшчына Беларусі вачыма беларусаў стане асноўнай тэмай праекту «Гісторыя на Свабодзе».

Доктар гісторыі Сяргей Абламейка
Доктар гісторыі Сяргей Абламейка

Ніхто не чакаў, што ў ХХІ стагодзьдзі ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы пачнецца такая «вайна гісторыяў». Расея фактычна вярнула рэгіён у ХІХ стагодзьдзе, у часы, калі гісторыкі стваралі нацыі. Беларускія і замежныя гісторыкі ў вольным сьвеце сёньня гэта пачынаюць разумець і неўзабаве змогуць сказаць: „Так, мы гэта разумеем і прымаем выклік“».

Падпішыцеся на новы гістарычны YouTube-канал >>>

Разам з новым YouTube-каналам стартуе і новы падкаст з такой самай назвай — «Гісторыя на Свабодзе», дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах: Apple Podcasts, Google Podcasts, Spotify, Soundcloud, Яндекс Музыка.​

Відэа- і аўдыёвыпускі будуць зьяўляцца два разы на тыдзень, па серадах і суботах.

Пачынаем! Паўстаньне Каліноўскага і невядомы Менск

Першы выпуск прысьвечаны палітычнаму нараджэньню Беларусі ў ходзе паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Вы пачуеце, як частка эліты былога Вялікага Княства Літоўскага ў ХІХ стагодзьдзі выбрала новую назву для краіны і народу, і як гэты выбар палітычна замацаваў Кастусь Каліноўскі.

Цягам трох месяцаў па суботах мы будзем трансьляваць цыкль ілюстраваных гутарак «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» паводле аднайменнай кнігі Сяргея Абламейкі, якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» ў 2021 годзе і ў 2022 годзе была ўганараваная літаратурнай прэміяй імя Ежы Гедройця.

Падпісвайцеся на YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе» і на аднайменны падкаст. Глядзіце і слухайце новыя выпускі кожны тыдзень.

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG