Беларусы сабраліся, каб адсьвяткаваць 10-годзьдзе Паўднёва-Флорыдзкага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА). Гэтую арганізацыю заснавалі ў Нью-Ёрку беларускія ўцекачы часоў сталінскіх рэпрэсіяў 1950-х гадоў. З таго часу арганізацыя пашырылася ў розных штатах, а зь нядаўнімі хвалямі рэпрэсій Пуціна і Лукашэнкі зьявілася яна і ў Флорыдзе.
Як паведаміла Свабодзе сябра Цэнтру Паліна Прысмакова, сабраліся больш за сотню чалавек. Гэта былі і цяперашнія шукальнікі прытулку, і члены сем’яў тых, хто выжыў рэпрэсіі 1950-ых, і амэрыканцы, салідарная зь беларусамі.
Натальля Русак і былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч распавядалі пра сваё дзяцінства ў замежжы, і падзяліліся гістарычнымі фотаздымкамі. Выступілі і чальцы асноўных беларускіх дыяспаральных арганізацый беларусаў ЗША і Канады, якія прадставілі сёньняшняе жыцьцё асобаў, якія шукаюць прытулку ў Паўночнай Амэрыцы.
Віншаваньні амэрыканскім беларусам перадалі відэазваротамі сьпявачка Маргарыта Ляўчук, гісторык Алесь Смалянчук, сьпявак Зьміцер Вайцюкевіч, журналіст Зьміцер Лукашук. Паэт Уладзімер Някляеў прысьвяціў беларусам Флорыды адмысловы верш, у якім зьвярнуўся да мэтафараў Нёману і Дняпру, якія «сьлязьмі цякуць па шчоках беларускіх уцекачоў».
Адбыўся канцэрт традыцыйнай беларускай зімовай сьвяточнай музыкі ў выкананьні Сяргея Доўгушава, які зьяўляецца зьбіральнікам і захавальнікам традыцыйнай беларускай побытавай народнай творчасьці.