Пранкеры выдалі сябе за экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, якога Болтан ведае асабіста, паведамляе Zerkalo.
Болтан, які працаваў у адміністрацыях Рэйгана і абодвух Бушаў і атрымаў мянушку «Ястраб» за жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да Расеі, гаварыў ахвотна і адкрыта.
У размове закраналася і тэмы Беларусі. «Парашэнка» нагадаў Болтану, што ў 2019 годзе ён наведваў Менск і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, і адзначыў, што для аслабленьня Расеі спатрэбіцца зьмена рэжыму ў Беларусі на дэмакратычны.
— Думаю, я пайшоў на сустрэчу з Лукашэнкам, каб ацаніць, ці зможам мы адвярнуць яго ад Масквы, — адказаў Джон Болтан. — Я сапраўды лічу, што NATO шмат у чым стварыла гэтую праблему, спыніла сваё пашырэньне і пакінула «шэрую зону» у Малдове, Беларусі, Украіне, тым самым дазволіўшы расейцам ствараць там праблемы.
— Так, Пуціну было б складаней наступаць, калі б Лукашэнка быў на нашым баку, — сказаў псэўда-Парашэнка. — А калі ён аслабне, мы можам узяць усё ў свае рукі і вярнуць Данбас.
— Так, я думаю, што гэта знайшло б вялікую падтрымку ў ЗША... У нас было шмат страчаных магчымасьцяў, у гэтым няма сумневу. Я думаю, што ў адміністрацыі Трампа... Ён быў нагэтулькі паглынуты думкай, што Ўкраіна дапамагае ягоным палітычным апанэнтам... У гэтым пляне было вельмі складана засяродзіць ягоную ўвагу. Я згадваў у сваёй кнізе, што аднойчы ён спытаў мяне, ці зьяўляецца Ўкраіна часткай Расеі, і я мяркую, што ён у пэўнай ступені думаў, што Украіна была часткай Расеі. Вось з чым нам прыйшлося мець справу.
— Я ведаю, што вы спрабавалі прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад ідэі адзінства з Расеяй, але ў выніку ён яе (ідэю — рэд.) проста адкінуў.
— Так, і я ня мог зразумець, шчыры ён са мной ці не. Калі зьявіліся антылукашэнкаўскія сілы, я безумоўна падтрымаў іх памкненьні. Але сапраўднае пытаньне палягала ў тым, як рэалізаваць гэтыя памкненьні, каб Беларусь ізноў не была паглынутая Расеяй. Лукашэнка можа і не хацеў быць другім скрыпачом у пашыранай Расеі, але ён дакладна не хацеў, каб яго людзі павесілі яго на ліхтарным слупе каля аднаго зь ягоных прэзыдэнцкіх палацаў. Так што гэта была яшчэ адна магчымасьць, якую, я думаю, мы ўпусьцілі.
— Але вы таксама дапамагалі Ціханоўскай. Я думаю, калі б вы дапамаглі ёй значна больш, я думаю, што мы маглі б зрабіць нешта лепшае.
— Так, я думаю, што мы можам зрабіць значна больш«, — сказаў Болтан. — Я думаю, з пункту гледжаньня бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе, калі мы страцім Беларусь і яна пяройдзе да Расеі... Я думаю, што б [цяпер] ні адбывалася ва Ўкраіне з ваеннага пункту гледжаньня, мы выйграем. Але [тады] мы маглі страціць Беларусь без бою. І тады Украіна, Польшча і краіны Балтыі апынуліся б у стратэгічна вельмі нявыгадным становішчы.
- У верасьні 2020 году на той момант ужо былы памочнік прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан выказаў меркаваньне, што Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся па дапамогу да Расеі, хутчэй за ўсё, адмаўляецца ад улады ў Менску: «Лукашэнка, магчыма, яшчэ не ўсьведамляе гэтага, але зварот да Масквы па дапамогу, хутчэй за ўсё, азначае, што ён адмаўляецца ад улады ў Менску», — напісаў экс-памочнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў сваім камэнтары, апублікаваным газэтай The Daily Telegraph.