Пры дапамозе фатаздымкаў і вайсковых дакумэнтаў, якія прадаставіў Яфрэмаў, журналісты змаглі пацьвердзіць, што ў пачатку вайны ён сапраўды быў ва Ўкраіне — у Запароскай вобласьці, у тым ліку ў горадзе Мелітопалі. Ён афіцэр самага высокага рангу, які пагадзіўся адкрыта расказаць пра зьдзекі з палонных шэрагу расейскіх вайскоўцаў, адзначае BBC.
Яфрэмаў, у прыватнасьці, расказаў пра допыты дастаўленых у іх частку ўкраінцаў у горадзе Каменка Запароскай вобласьці.
Падразьдзяленьню Канстанціна Яфрэмава даручылі там ахову «штаба тылу». Допытамі займаўся палкоўнік.
«Аднойчы палкоўнік спытаў у палоннага: „Назаві мне нацыяналістаў, каго ты ведаеш у сваім палку, узводзе“. А хлопец не разумее пытаньня. „Мы, — кажа, — марская пяхота Ўзброеных сіл Украіны“. За гэта палкоўнік пабіў яго, выбіў некалькі зубоў», — расказаў Яфрэмаў BBC.
Паводле яго, палкоўнік некалькі разоў прыстаўляў да галавы хлопца пісталет.
«Казаў, што зараз палічыць да трох і стрэліць; лічыў, потым страляў побач з галавой. Адначасова ён працягваў задаваць пытаньні. Палонны крычаў, пытаньняў ён ня чуў, бо быў аглушаны», — расказаў Яфрэмаў.
Ён адзначыў, што допыты, катаваньні, працягваліся тыдзень: «Кожны дзень, ці ноч, часам два разы на дзень».
Неабходнасьць «дэмілітарызацыі», а таксама «дэнацыфікацыі» Ўкраіны расейскія ўлады называлі мэтамі ўварваньня ў самым яго пачатку.
«Ніхто ня верыў, што будзе вайна»
Канстанцін Яфрэмаў у званьні старшага лейтэнанта камандаваў узводам разьмінаваньня 42-й мотастралковай дывізіі, дыслякаванай у Чачэніі. На гэтай пасадзе ён прыехаў на вучэньні ў анэксаваны Крым летась 10 лютага.
«Ніхто ня верыў, што будзе вайна. Усе верылі, што будуць вучэньні. Нават старшыя афіцэры, я ўпэўнены, ня ведалі», — кажа вайсковец. Ён і яго падразьдзяленьне атрымалі каманду выступаць у бок Украіны 27 лютага.
27 траўня Яфрэмаў, паводле яго, прыбыў у сваю вайсковую частку ў Грозным і напісаў рапарт на звальненьне.
«Ня маю нават маральнага права прасіць ва ўкраінцаў прабачэньня»
Пасьля абвешчанай Пуціным мабілізацыі, як сказаў Яфрэмаў, ён зразумеў, што яго як афіцэра, які ўжо быў ва Ўкраіне, у спакоі не пакінуць. Канстанцін зьвязаўся з праваабарончым гуртом Gulagu.net, які дапамог яму выехаць з Расеі.
«Я прашу прабачэньня ва ўсяго ўкраінскага народу, што я са зброяй у руках прыйшоў няпрошаным госьцем да іх у дом. І я дзякую Богу, што ад маіх рук не пацярпеў ніхто, што я не пазбавіў нікога жыцьця на той зямлі. І дзякую Богу, што сам не пацярпеў. У мяне нават няма маральнага права прасіць ва ўкраінцаў прабачэньня. Я нават за сябе не магу прасіць прабачэньня і не чакаю, што яны мне прабачаць. Я ніколі не хачу і ня буду ўдзельнічаць у такім вар’яцтве», — прыводзіць BBC словы Канстанціна Яфрэмава.
Расейскае Міністэрства абароны на запыт аб камэнтары ў сувязі са сьцьвярджэньнямі Яфрэмава не адказала.
- Офіс правоў чалавека ААН дакумэнтаваў выпадкі дрэннага абыходжаньня з палоннымі падчас вайны ва Ўкраіне. Адзначалася, што прадстаўнікі арганізацыі апыталі больш за 400 ваеннапалонных: як украінцаў, так і расейцаў. Міжнародныя экспэрты заявілі, што выявілі выпадкі катаваньняў і дрэннага абыходжаньня з ваеннапалоннымі з абодвух бакоў.