Пра гэта паведамляюць NBC і CNN са спасылкай на ягонага адваката.
«Сёньня, пры поўнай падтрымцы і супрацоўніцтве прэзыдэнта, Мін'юст праводзіць плянавы ператрус у яго доме ў Рэгабат-Біч, штат Дэлавэр», — заявіў юрыст.
Ён растлумачыў, што гэта стандартная працэдура, але Міністэрства юстыцыі вырашыла не абвяшчаць пра яе публічна «ў інтарэсах апэратыўнай бясьпекі». Іншых падрабязнасьцяў адвакат Байдэна не прывёў.
20 студзеня ФБР ужо праводзіла ператрус у доме Байдэна ў Вашынгтоне. Ён заняў каля 13 гадзін. Як піша CNN са спасылкай на адваката Байдэна, у доме прэзыдэнта супрацоўнікі ФБР выявілі шэсьць сакрэтных дакумэнтаў, якія адносяцца да пэрыяду працы Байдэна ў Сэнаце і на пасадзе віцэ-прэзыдэнта ЗША, калі прэзыдэнтам быў Барак Абама. Сам прэзыдэнт ЗША пры ператрусе не прысутнічаў.
На пачатку месяца амэрыканскія СМІ двойчы паведамлялі пра знойдзеныя ў Байдэна сакрэтныя дакумэнты — у ягоным асабістым кабінэце ў аналітычным Цэнтры дыпляматыі і глябальнага ўзаемадзеяньня Пэн-Байдэн у Вашынгтоне і ў гаражы ягонага дома ва Ўілмінгтане. Паводле закону кіраўнік дзяржавы павінен быў перадаць дакумэнты на захоўваньне ў Нацыянальны архіў.
Для расьсьледаваньня магчымых правапарушэньняў, зьвязаных з дакумэнтамі Байдэна, Міністэрства юстыцыі ЗША прызначыла спэцыяльнага пракурора. Мін'юст ЗША цяпер вывучае знойдзеныя дакумэнты, каб вызначыць узровень іх сакрэтнасьці і тое, ці зьяўляюцца яны па-ранейшаму сакрэтнымі.