Сума ваеннай дапамогі, прадстаўленай Украіне Эўрапейскім Зьвязам, на гэты час склала амаль 12 млрд эўра.
Размова ідзе аб сродках, атрыманых Кіевам як праз Эўрапейскі фонд міру, так і на двухбаковай аснове, паведаміў журналістам на ўмовах ананімнасьці напярэдадні саміту ЭЗ — Украіна высокапастаўлены чыноўнік Эўразьвязу, піша Deutsche Welle.
Акрамя таго, Брусэль у гэтым годзе таксама дае Ўкраіне беспрэцэдэнтную макрафінансавую дапамогу — «18 млрд эўра выдзеленыя на 2023 год на ўмовах, якія таксама беспрэцэдэнтныя для Эўразьвязу: сродкі выдзяляюць на 35 гадоў, а дзяржавы ЭЗ самастойна выплачваюць працэнты і адміністрацыйныя выдаткі гэтай пазыкі», — расказаў чыноўнік. Паводле яго слоў, гэта дапаможа дасягнуць стабільнасьці і прадказальнасьці ў дзейнасьці ўкраінскай дзяржавы на працягу году.
На саміце ЭЗ — Украіна ў Кіеве 3 лютага будзе абвешчана аб пашырэньні місіі ЭЗ па навучаньні ўкраінскіх вайскоўцаў. Плянуецца, што колькасьць падрыхтаваных салдат і афіцэраў да канца 2023 году будзе даведзена да 30 тысяч. Акрамя гэтага, Эўразьвяз выдзеліць Украіне 25 млн эўра на разьмінаваньне, пра што таксама афіцыйна паведамяць падчас саміту.