Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар РНПЦ анкалёгіі: У 2022 годзе колькасьць замежных пацыентаў зьменшылася


Адзін з будынкаў РНПЦ анкалёгіі ў пасёлку Лясны пад Менскам. Архіўнае фота
Адзін з будынкаў РНПЦ анкалёгіі ў пасёлку Лясны пад Менскам. Архіўнае фота

Афіцыйная прычына скарачэньня колькасьці іншаземцаў — «пэўныя магчымасьці лягістыкі».

Лячэньне раку ў Беларусі па-ранейшаму запатрабавана іншаземцамі, але іх колькасьць «зьнізілася ў сувязі з пэўнымі магчымасьцямі лягістыкі»,— заявіў 1 лютага дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру (РНПЦ) анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава Сяргей Палякоў.

Большасьць анкапацыентаў прыяжджаюць у Беларусь з Расеі, краін Цэнтральнай Азіі, Украіны, Літвы і Латвіі. За 2022 год лячэньне ў РНПЦ анкалёгіі атрымалі каля 2,5 тысячы іншаземцаў, сказаў Палякоў.

Кіраўніцтва РНПЦ ужо некалькі гадоў паведамляе, што кожны год лячэньне ў цэнтры атрымліваюць каля 30 тысяч пацыентаў, сярод іх каля 2,5 тысячы іншаземцаў. У 2019 годзе замежныя пацыенты заплацілі за лячэньне і абсьледаваньне раку каля 3,5 мільёна даляраў.

У 2022 годзе ў Беларусі колькасьць захварэлых і памерлых ад раку зьменшылася, паведаміў Палякоў.

Паводле афіцыйных зьвестак, у 2022 годзе выявілі 50 тысяч новых выпадкаў раку, у 2021-м — 54 тыс., у 2020-м — 41 тыс., у 2019-м — 53 тыс.

Палякоў адзначыў, што да гэтага часу адкрытым застаецца пытаньне, як паўплывала пандэмія каранавірусу на захворваньне на рак:

«Сьцьвярджаць, што пацыенты перасталі хадзіць да лекараў і таму колькасьць захварэлых зьнізілася, няправільна. У такім выпадку павялічылася б колькасьць выпадкаў у 2021 і 2022 гадах, аднак мы не дасягнулі даковіднага ўзроўню. Сьмяротнасьць ад анкалягічных захворваньняў не павялічылася, колькасьць пацыентаў, якія назіраюцца анколягамі больш за пяць гадоў, стала большай».

«Праз 2-3 гады зможам прааналізаваць зьвесткі і зрабіць папярэднія высновы аб уплыве ковіду на разьвіцьцё анкалягічных захворваньняў», — сказаў дырэктар РНПЦ анкалёгіі.

З тым, што «пакуль рана рабіць высновы» аб зьніжэньні захваральнасьці на рак, пагадзіўся намесьнік дырэктара па навуковай працы РНПЦ анкалёгіі Сяргей Красны. Ён падкрэсьліў, што апошнія 10 гадоў у Беларусі штогод ад раку памірала каля 18 тыс. чалавек. У 2019 годзе памерлі 18 900, у 2022-м — на 4 тысячы менш.

4 лютага адзначаюць Сусьветны дзень барацьбы з ракам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG