Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы ад Беларусі і Расеі запрасілі Ціханоўскую, Каспарава і Хадаркоўскага


Уладзімір Зяленскі і Оляф Шольц на Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы, 17 лютага 2022
Уладзімір Зяленскі і Оляф Шольц на Мюнхэнскай канфэрэнцыі аб бясьпецы, 17 лютага 2022

Традыцыйны форум бясьпекі пройдзе з 17 па 19 лютага ў Мюнхэне.

У прэсавай службе Сьвятланы Ціханоўскай Свабодзе паведамілі, што яна возьме ўдзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы 16–19 лютага 2023 году.

У прэсавай службе Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Свабодзе расказалі, што арганізатары пакуль ня могуць раскрыць імёны ўсіх удзельнікаў. Інфармацыя зьявіцца за некалькі дзён да пачатку форуму на сайце канфэрэнцыі.

Такім чынам, інфармацыі пра запрашэньне кагосьці з уладаў Беларусі на сёлетнюю канфэрэнцыю ў Мюнхэн няма.

Беларусь брала ўдзел у Мюнхэнскай канфэрэнцыі з 2006 году. У 2018 годзе кіраўніцтва Мюнхэнскай канфэрэнцыі прапанавала правесьці чарговую сустрэчу Асноўнай групы ў Менску, абгрунтаваўшы гэта ўкладам, які тады ўносіла Беларусь ва ўмацаваньне стабільнасьці і бясьпекі ў рэгіёне, і магчымасьцю сабраць на беларускай пляцоўцы ключавых гульцоў.

Сустрэчу тады прысьвяцілі ўзаемаадносінам па лініі Ўсход — Захад, абмеркаваньню рэгіянальных канфліктаў, менскага працэсу, а таксама эканамічнай сытуацыі ва Ўсходняй Эўропе.

А вось прадстаўнікі ўладаў Расеі сёлета дакладна не запрошаныя на Мюнхэнскую міжнародную канфэрэнцыю па бясьпецы, заявіў старшыня канфэрэнцыі Крыстаф Хойсген у інтэрвію тэлеканалу MDR 1 лютага.

Ён растлумачыў гэта нежаданьнем даваць трыбуну аўтарытэтнага міжнароднага форуму аб бясьпецы для прапаганды прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна:

«Выказваньні, якія мы штодня чуем з Крамля, не дазваляюць вывесьці, што Расея хаця б на ёту адступіць ад таго, што Пуцін абвясьціў мэтай вайны, а менавіта разбурэньня Ўкраіны», — растлумачыў Хойсген.

Паводле яго, замест урадавых чыноўнікаў ад Расеі запрасілі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, у тым ліку былога чэмпіёна сьвету ў шахматах Гары Каспарава і апальнага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага.

Хойсген, які раней займаў пасаду дарадцы экс-канцлера ФРГ Ангелы Меркель па замежнай палітыцы, выступіў у абарону палітыкі, якую Нямеччына вядзе адносна Ўкраіны.

«Пуцін ясна заявіў, што ён у канчатковым выніку імкнецца да аднаўленьня Савецкага Саюзу. Калі расейскі прэзыдэнт дабʼецца посьпеху ва Ўкраіне, то ён урэшце ўвойдзе і ў краіны Балтыі. Паколькі гэтыя краіны — чальцы NATO, гэта непасрэдна закране Нямеччыну, будуць задзейнічаныя саюзьніцкія абавязаньні. Гэта трэба перадухіліць, таму Ўкраіне трэба аказваць дапамогу», — адзначыў Крыстаф Хойсген.

Міжнародная Мюнхэнская канфэрэнцыя аб бясьпецы адкрываецца 17 лютага. Мінулы форум у лютым 2022 году таксама прайшоў без удзелу афіцыйнай расейскай дэлегацыі. Тады Расея ўпершыню за апошнія два дзесяцігодзьдзі адмовілася браць удзел у форуме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG