Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўцягне Пуцін Лукашэнку ў вайну супраць Украіны? Думка Пазьняка, які наведаў Кіеў і Бахмут


 Дзьмітры Шчыгельскі, Зянон Пазьняк, Павал Вусаў. Бахмут, 30 студзеня 2022
Дзьмітры Шчыгельскі, Зянон Пазьняк, Павал Вусаў. Бахмут, 30 студзеня 2022

Які ж сапраўдны ўзровень пагрозы Ўкраіне з боку Беларусі? Ці будзе ўдзельнічаць у вайне беларускае войска? Пра гэта ў інтэрвію расейскай службе Свабоды выказаўся палітык Зянон Пазьняк.

«Лукашэнка, вядома, пятляе, выдумляе ўсялякія небыліцы, быццам Украіна прапанавала яму пакт аб ненападзе. Ён проста баіцца страціць уладу, адчувае, што калі Пуцін уцягне яго ў гэтую авантуру, то яму прыйдзе канец». Так выказаўся ў інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода беларускі палітык, кіраўнік Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Палітык лічыць, што для правакацыі Пуціну дастаткова таго, што ён мае, а вынік можа быць вельмі небясьпечным:

«Украінцы павінны вельмі ўважліва ставіцца да таго, што адбываецца. Але, паўтараю, важна, наколькі Пуцін усё ж такі цісьне гэтага нягодніка, Лукашэнку. Бо для Расеі вельмі важна ў нейкай меры скінуць зь сябе адказнасьць, перакінуць яе на свайго саюзьніка, выставіць яго наперад, каб падзяліць адказнасьць. Галоўная задача Лукашэнкі — каб гэтага не было, каб захаваць уладу»,— заявіў Пазьняк.

Беларускае грамадзтва выступае супраць вайны, і Лукашэнка, на думку Пазьняка, ня можа гэтага ігнараваць:

«Я думаю, ён зробіць усё, каб не пайсьці. Мне здаецца, і Пуцін гэта разумее. Бо калі падзеі будуць разьвівацца такім чынам, што нейкія часткі беларускага войска пачнуць удзельнічаць, гэта быў бы другі ачаг вайны ў Беларусі для Пуціна. Тое, што беларускі народ практычна ўвесь супраць вайны; тое, што войска таксама ў большасьці не жадае ваяваць, можа быць вельмі небясьпечным для самой Масквы, і яны таксама гэта ўлічваюць»,— лічыць беларускі палітык.

На думку Зянона Пазьняка, Лукашэнка баіцца палка Каліноўскага, бачыць рэальную пагрозу з боку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны:

«Ён сапраўды баіцца. Як толькі ён страціць падтрымку Расеі, яму канец, ён трымаецца толькі на гэтым. Таму ён гіпэртрафуе ўсё гэта. Апошні раз ён пагражаў, што трэба ўсіх зьнішчаць паводле законаў ваеннага часу. Гэтыя добраахвотнікі думаюць аб тым, каб вызваліць Беларусь пасля паражэньня Расеі. І гэта вельмі важна, таму што на аснове гэтых добраахвотніцкіх груп якраз і можа сфармавацца новае беларускае войска. Старое войска ні на што не прыдатнае. Але рэжым Лукашэнкі трымаецца на ўнутраных войсках, міліцыі. Найбольш небясьпечнай будзе якраз гэтая структура», — лічыць кіраўнік КХП БНФ.

На пытаньне, ці Беларусь і Ўкраіна некалі сустрэнуцца ў Свабоднай Эўропе, нягледзячы на тое, што з тэрыторыі Беларусі ўзьлятаюць самалёты і бамбуюць Украіну, Пазьняк адказвае станоўча:

«Мы ня толькі верым, а ўся наша палітычная дзейнасьць была стратэгічнай дарогай да гэтага. У 1994 годзе Масква правяла да ўлады ў Беларусі Лукашэнку, і гэта азначала пачатак унутранай акупацыі краіны. А цяпер ідзе акупацыйная зачыстка ўсяго беларускага. Гэта ня толькі Лукашэнка помсьціць за сваю паразу ў 2020 годзе, а гэта палітыка «русского мира», палітыка Пуціна — падрыхтаваць на гэтым пляцдарме, які яны захапілі, мёртвую зону, каб ніхто не супраціўляўся. Яны рыхтуюць бязбольную анэксію беларускай тэрыторыі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG