Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Зымбабвэ праводзіць перамовы з Мнангагвам. Хто гэта такі?


Аляксандар Лукашэнка і Эмэрсан Мнангагва. Харарэ, 31 студзеня 2023
Аляксандар Лукашэнка і Эмэрсан Мнангагва. Харарэ, 31 студзеня 2023

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь дзяржаўным візытам у Зымбабвэ.

Перамовы пачаліся ў так званым Дзяржаўным доме ў сталіцы Зымбабвэ Харарэ. Спачатку Эмэрсан Мнангагва і Аляксандар Лукашэнка сустракаюцца сам-насам, а затым пройдуць перамовы з удзелам прадстаўнікоў дэлегацый, піша прэс-служба Лукашэнкі.

Бакі заключылі пагадненьні аб заахвочваньні і ўзаемнай абароне інвэстыцый, аб стварэньні сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве.

Плянуецца, што ў Харарэ Мнангагва і Лукашэнка наведаюць цырымонію перадачы тэхнікі беларускіх вытворцаў у рамках завяршэньня другой фазы праграмы па мэханізацыі фэрмэрскіх гаспадарак Зымбабвэ і старту трэцяй фазы гэтай праграмы. Цырымонія пройдзе на базе Інстытуту сельскай гаспадаркі Зымбабвэ.

Напярэдадні перамоваў Лукашэнка наведаў мэмарыяльны комплекс «Акр нацыянальных герояў» паблізу сталіцы.

Лукашэнка і Мнангвагва ў Харарэ
Лукашэнка і Мнангвагва ў Харарэ

80-гадовы Эмэрсан Мнангагва стаў кіраваць Зымбабвэ ў лістападзе 2017 году пасьля адстаўкі і перавароту, калі ўладу страціў Робэрт Мугабэ, які кіраваў краінай 37 гадоў і пераўтварыў яе ў адну з найбяднейшых на кантынэнце.

Мнангагва нарадзіўся ў сям’і палітычнага актывіста ў Паўднёвай Радэзіі, як тады называлася краіна, і сям’я мусіла пераехаць на поўнач краіны з палітычных прычын. У 21 год ён далучыўся да Зымбабвійскай афрыканскай нацыянальнай арміі вызваленьня. У 1964 годзе ў складзе так званай «Кракадзілавай банды» ён рабіў напады на белых фэрмэраў, якія жылі ў памежным з Мазамбікам рэгіёне. Адтуль і пайшла ягоная мянушка Ngwena, што на мове шона азначае «кракадзіл». За ўзброены напад на цягнік у 1965-м яго асудзілі на 10 гадоў, але затым дэпартавалі ў суседнюю Замбію, дзе ён пачаў вывучаць юрыспрудэнцыю.

Пасьля двухгадовай адвакацкай практыкі ў Мазамбіку Мнангагва стаў памочнікам і целаахоўнікам Робэрта Мугабэ, браў удзел у падпісаньні пагадненьняў аб заканчэньні вайны ў Радэзіі ў 1979-м, што прывяло да абвяшчэньня незалежнасьці краіны. Пры доўгім кіраваньні Мугабэ спачатку як прэм’ер-міністра, а затым як прэзыдэнта дзяржавы Мнангагва займаў многія важныя пасады, у тым ліку міністэрскія.

Сустрэча Мнангагвы і Лукашэнкі ў Харарэ
Сустрэча Мнангагвы і Лукашэнкі ў Харарэ

У 2018 годзе часопіс Time уключыў зымбабвійскага палітыка ў сьпіс 100 найбольш уплывовых асоб сьвету.

«Стаўшы прэзыдэнтам Зымбабвэ, Эмэрсан Мнангагва, нягледзячы на тое, што неаднаразова на словах падтрымліваў заклікі да дэмакратычных рэформаў, практычна нічога не зрабіў для захаваньня правоў чалавека і дэмакратычных свабод у краіне», — пісала пра яго «Аль-Джазіра» ў 2017 годзе.

Палітык абяцаў, што Зымбабвэ зноў будзе адыгрываць «вядучую ролю на кантынэнце» ў сфэры эканомікі, тысячы людзей выйдуць з галечы, а землеўладальнікам, у якіх экспрапрыявалі зямлю ў 2000-я, выплацяць кампэнсацыі. Аднак на справе, як кажуць экспэрты, гэтага не адбылося. Як не адбылося і дзейснай падтрымкі чарнаскурых фэрмэраў — прадстаўнікоў карэнных народаў, якім абяцалі фінансавую палёгку.

Як пісаў у 2020 годзе Bloomberg, міжнародная супольнасьць абяцала Зымбабвэ фінансавую дапамогу ў выпадку правядзеньня эканамічных рэформаў і разьняволеньня палітычнай сыстэмы. Аднак і сёньня ўрад Мнангагвы крытыкуюць за адсутнасьць эфэктыўных захадаў у гэтым кірунку.

Мнангагву закідаюць карупцыйныя дзеяньні з дыямэнтамі і золатам, у выніку якіх нібыта ўзбагачаецца ён і набліжаныя людзі, а не бюджэт краіны.

Расьсьледаваньне забойства паліцыянтамі 6 дэманстрантаў у 2018 годзе не прывяло да вынікаў, нікому зь сілавікоў ня выставілі абвінавачаньняў. Як пісала ў сваёй справаздачы арганізацыя Human Rights Watch, сілы бясьпекі Зымбабвэ таксама забілі 17 чалавек і згвалцілі 17 жанчын падчас пратэстаў супраць 150-працэнтнага павышэньня цэнаў на паліва ў студзені 2019 году. Закідаюць зымбабвійскім уладам і выкраданьне сваіх палітычных апанэнтаў, і катаваньні.

Эмэрсан Мнангагва наведваў Беларусь двойчы — у 2015 і 2019 гадах (першы раз у статусе віцэ-прэзыдэнта). Зь беларускага боку адказным за сувязі з гэтай краінай быў прызначаны тагачасны кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман.

Напярэдадні візыту Лукашэнкі ў Зымбабвэ мясцовае выданьне New Zimbabwe пісала, што летась урад краіны закупіў у Беларусі пажарныя машыны, пра якія «ніколі не прасілі» ўлады на месцах. Іншы скандал тычыўся таго, што ўрад Зымбабвэ выбіраў дружалюбныя беларускія кампаніі для продажу дыямэнтаў. Летась у Зымбабвэ падалі ў суд на кампанію Zim GoldFields, зьвязаную з сынам Віктара Шэймана, за здабычу золата без дазволу ўладальнікаў тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG