Пра гэта паведамляе ТАСС.
Былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі ў фільме BBC расказаў, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін пагражаў яму ракетным ударам падчас тэлефоннай размовы ў лютым напярэдадні ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
«У нейкі момант ён быццам прыгразіў мне і сказаў: „Борыс, я не хачу прычыняць табе боль, але з ракетай гэта зойме ўсяго хвіліну“, ці нешта ў гэтым духу», — цытуе Джонсан словы прэзыдэнта Расеі ў дакумэнтальным фільме «Пуцін супраць Захаду», які выходзіць 30 студзеня на BBC.
Журналісты папрасілі Пяскова пракамэнтаваць словы Джонсана.
«Тое, што сказаў спадар Джонсан, — гэта няпраўда. Дакладней, гэта хлусьня», — адрэагаваў прадстаўнік Крамля. Ён падкрэсьліў, што гэта можа быць сьвядомая хлусьня Джонсана, і тады паўстае пытаньне аб прычынах, дзеля якіх ён прытрымліваецца такой вэрсіі падзеяў, або брытанскі прэмʼер тады «фактычна не зразумеў», пра што зь ім гаварыў Пуцін. «Тады робіцца не па сабе за суразмоўцаў нашага прэзыдэнта», — дадаў Пяскоў.
Прэсавы сакратар Пуціна падкрэсьліў, што ён ведае пра зьмест той тэлефоннай размовы.
«Яшчэ раз афіцыйна паўтараю: гэта хлусьня, ніякіх пагрозаў ракетамі не было. Гаворачы пра выклікі для бясьпекі РФ, прэзыдэнт Пуцін адзначаў, што ў выпадку ўступленьня Ўкраіны ў NATO патэнцыйнае разьмяшчэньне натаўскіх або амэрыканскіх ракетаў на нашых межах будзе азначаць, што любая ракета даляціць да Масквы за лічаныя хвіліны. Калі гэты пасаж быў такім чынам успрыняты, гэта вельмі няёмкая сытуацыя», — адзначыў Пяскоў.