Сваёй мэтай яны ставяць вызваленьне акупаваных Расеяй рэгіёнаў Украіны, а таксама барацьбу з Уладзімірам Пуціным, які, як сказана ў маніфэсьце легіёну, «зьнішчыў ня толькі расейскую эканоміку, але і магчымасьць расейцаў разьвівацца і мець права на шчасьлівую будучыню».
Расейская служба Радыё Свабода паразмаўляла з байцамі легіёну — «Цэзарам» і «Ціхім».
«Ціхі» нарадзіўся ў горадзе Тальяці Самарскай вобласьці, усё жыцьцё працаваў будаўніком. Апошнія гады часта бываў па працы ва Ўкраіне. У лютым 2022 году перабраўся пад Кіеў на новы аб’ект, але вайна зьмяніла ягоныя пляны. Пры першым бамбаваньні Кіева ён разам зь сям’ёй хаваўся ў падвале.
На пачатку лета ён падаў заяўку ў легіён. Прайшоў шэраг праверак, двухмесячную падрыхтоўку і адправіўся на фронт.
«Чаму ў мяне такі пазыўны? Як вы пасьпелі заўважыць, я не аматар пагаварыць, дый раблю ўсё па-ціхаму».
«Ціхі» расказаў, што ў Расею вяртацца не плянуе і змагаецца выключна за вызваленьне Ўкраіны: «На гэтым усё. Я на Расеі паставіў крыж. Я не хачу пра іх нічога ведаць пасьля таго, што яны нарабілі пад Кіевам і ў іншых украінскіх гарадах».
«Цэзару» 50 гадоў. Родам з Санкт-Пецярбургу. Па адукацыі пэдагог, усё жыцьцё працаваў трэнэрам. Ён далучыўся да легіёну на пачатку лета:
«Перад вайной я неяк выпаў з палітычнага жыцьця, бо разумеў, што мая краіна безнадзейна хворая. 24 лютага — гэта быў шок. Мае дзеці ў сьлязах глядзелі на мяне і пыталіся: „Тата, як так? Як Расея магла напасьці на Ўкраіну? Што рабіць?“ Я сказаў ім не хвалявацца, таму што Ўкраіна ўсё роўна пераможа. На другі дзень уварваньня мне стала зразумела, што ўсё было зроблена вельмі бяздарна і таму хутка скончыцца. З апэратыўнага пункту гледжаньня гэта дурдом. Мэханізаваны бліцкрыг, які прывёў да разгрому сіл уварваньня».
У Замежны легіён расейцаў на пачатку ня бралі, таму «Цэзар» дачакаўся стварэньня «Свабоднай Расеі» і падаў заяўку туды.
«Цэзар» прылічае сябе да ультраправых. Выданьне «Агентство» ў сваім расьсьледаваньні піша, што ён уваходзіў у «Русское имперское движение», якое ў ЗША абвешчана тэрарыстычнай арганізацыяй. Баец не адмаўляе свайго ранейшага ўдзелу там, пацьвярджаючы, што гэта арганізацыя правага манархічнага кшталту. Яна абвяшчае традыцыйныя каштоўнасьці і аднаўленьне манархіі ў Расеі.
«Удзельнікі арганізацыі з 2014 году ваявалі ў Данбасе на баку Расеі. Я пакінуў арганізацыю крыху раней за гэтыя падзеі, але ваяваць у Данбасе на баку Расеі — у мяне такой думкі ніколі не ўзьнікала. Я хутчэй думаў аб тым, каб змагацца на баку Ўкраіны. Разумееце, правыя ў Расеі — гэта хутчэй субкультура. Гэта дастаткова неадэкватная публіка, якая лічыць, што калі яны недзе пабілі ўзбэка, то яны спрыяюць адраджэньню Расеі. Гэта ня так, гэта ўсё глупства. Усе гэтыя арганізацыі часьцей за ўсё — праекты ФСБ, ёю ж яны і курыруюцца. Нічога добрага з гэтага выйсьці ня можа».
«Цэзар» не сумняецца, што вялікая колькасьць радыкальных, як правых, так і левых арганізацый у Эўропе фундуюцца Крамлём і ў патрэбны Маскве момант праводзяць свае акцыі, як, напрыклад, нядаўняе спальваньне Карану ў Швэцыі. Гэтая правакацыя мае станоўчы для Масквы эфэкт — Турэччына зноў пачала блякаваць уступленьне Швэцыі ў NATO.
На пытаньне пра колькасны склад легіёну байцы адказалі, што ўвайшлі ў другі батальён, а цяпер фармуюцца ўжо трэці і чацьвёрты.
«Дакладнай колькасьці мы ня можам ведаць, бо распыленыя па ўсёй лініі фронту: мы прадстаўляем ня толькі ваенную, але і палітычную пагрозу Расеі».
Ваяры ня маюць ніякіх сумневаў у перамозе Ўкраіны і заяўляюць, што расейскае кіраўніцтва ўжо зрабіла шмат грубых памылак у вядзеньні вайны.
«Украінская армія навязала суперніку бой на выгодных для сябе ўмовах. У той жа час палітычнае кіраўніцтва Расеі навязала расейскаму войску бой на невыгодных для яе ўмовах. Бахмут, з пункту гледжаньня стратэгіі, нічога не дае расейцам. Ім проста трэба прадэманстраваць нейкую перамогу. Яны паўгода перамолваюць свае часткі, марнуюць сотні і тысячы вагонаў з боепрыпасамі. Бабы, вядома, яшчэ нараджаюць, але вось са снарадамі ў іх ужо напружаньне. Зношваюцца артылерыйскія рулі, згарае тэхніка ў баі. Дзеля чаго? У Данецкай вобласьці такіх гарадоў яшчэ штук 15. Паглядзіце на аглямэрацыю Славянск — Краматорск. Калі яны з Бахмутам ня могуць даць рады, дык што будзе там?»
Таксама байцы «Свабоднай Расеі» ня бачаць, як наогул Расея зможа забясьпечыць сабе прасоўваньне.
«Зразумейце, што Пуцін ня ведае, як выбрацца з гэтай вайны. У яго ёсьць палітычная мэта — захапіць Данецкую вобласьць і абвясьціць гэта мэтай вайны. Мы вельмі сумняваемся ў яго здольнасьці захапіць усю Данецкую вобласьць — мы яшчэ за Бахмут паб’емся, пап’ем варожай крыві. Мы будзем змагацца да перамогі, яна ня будзе хуткай і лёгкай. Але мы абавязкова пераможам!»
«Цэзар» адзначае, што ў Бахмуце вялікая колькасьць праўкраінскіх жыхароў пакінула горад, хоць сярод тых, хто застаўся, такія таксама ёсьць. Аднак ёсьць і тыя, «у каго ў галаве Савецкі Саюз», калябаранты, наркаманы і проста аматары «русского мира».
Шмат часу ў байцоў забіраюць бытавыя пытаньні, часам даводзіцца «дастасоўваць» зброю, атрыманую ад саюзьнікаў. І пытаньне працягу вайны «Цэзар» і «Ціхі» бачаць менавіта ў тым, што Захад доўга «вагаецца» ў справе паставак узбраеньняў. Гэта асноўная перашкода перад разгромам, а не мабілізацыя, праведзеная ў Расеі. Хоць мабілізацыя дазволіла расейцам прасунуцца, але, як кажуць суразмоўцы Свабоды, гэта адбылося цаной вялізарных страт.
Выказаліся байцы і пра імпэрскую палітыку Расеі. «Цэзар», які прызнаўся ў манархічных поглядах, лічыць, што нікога захопліваць ня трэба, а «неабходна навесьці парадак у сваім доме». Дзеяньні Расеі супраць іншых народаў ён адкрыта называе «генацыдам».
«Няма ніякага сэнсу зьнішчаць чужую культуру, чужую мову, а ўсё гэта было пры царскай Расеі, пры Савецкім Саюзе, і цяпер працягваецца пры Пуціну. Генацыд многіх народаў Расеі ўсё яшчэ працягваецца. Нейкія людзі, напрыклад, прыходзяць на землі ханты ці мансі, дзе людзі жывуць карэннымі промысламі: пасьвяць аленяў, нешта зьбіраюць. Гэтыя людзі сьвідруюць дзіркі ў зямлі, пампуюць адтуль нафту, выкідаюць там жа адходы, палохаюць аленяў, плююць на мясцовае насельніцтва — гэта хіба не генацыд?»
Пуцін, на думку ваяроў, жахлівы кіраўнік для Расеі, але многія ў краіне яго падтрымліваюць.
«Задача кіраўніка — рабіць свой народ лепшым і сьвятлейшым, а не рабіць зь людзей дэгенэратаў, як гэта зрабіў Пуцін. Глядзіце, у каго расейцы ператварыліся за 20 гадоў — гэта ж жах. Калі яны ракетай трапляюць у чарговы раз у дом з жанчынамі і дзецьмі, яны ж цешацца!»
Абодва бачаць толькі сілавы сцэнар зьмены ўлады ў Расеі, а гаварыць пра тое, што трэба падрыхтаваць народ, не выпадае, бо рэвалюцыі робяць добра падрыхтаваныя адзінкі. Аднак людзям, на іх думку, важна паказаць карціну будучыні, а ня проста заявіць «Пуцін кепскі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.