Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі будзе ўзбройваць і забясьпечваць добраахвотнікаў. Гэтага патрабавала група «Вагнэра»


Скрыншот з камэры відэаназіраньня: расейскія салдаты адпраўляюць пасылкі. Красавік, 2022
Скрыншот з камэры відэаназіраньня: расейскія салдаты адпраўляюць пасылкі. Красавік, 2022

Раней міністар абароны Сяргей Шайгу расказаў, што добраахвотнікамі ў расейскія войскі пайшлі 13 тысяч чалавек.

Мінабароны Расеі будзе забясьпечваць добраахвотніцкія фармаваньні ўзбраеньнем, вайсковай тэхнікай, матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі, а таксама рэчамі, харчаваньнем і мэдычнай дапамогай. Гэта вынікае з праекту загаду Мінабароны Расеі.

Расейскамоўны сайт «Медуза» выявіў, што загад Мінабароны тычыцца, у тым ліку, дзяржаўнага забесьпячэньня прыватнай «ПВК Вагнэра». На праблемы з узбраеньнем скардзіўся заснавальнік гэтай групоўкі, прызнанай у ЗША тэрарыстычнай, Яўген Прыгожын.

Згодна з дакумэнтам, узбройваць добраахвотнікаў будуць «у парадку, устаноўленым для воінскіх фармаваньняў Узброеных сіл Расеі». За матэрыяльную шкоду, прычыненую дзяржаве па іх віне, добраахвотнікаў будуць прыцягваць да адказнасьці як вайскоўцаў.

У лістападзе 2022 году Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб статусе добраахвотніцкіх фармаваньняў, якія садзейнічаюць Узброеным сілам Расеі. Іх удзельнікі маюць статус вэтэранаў, які дае ім права на штомесячныя выплаты, падатковыя льготы, бясплатны праезд, мэдычнае абслугоўваньне.

Але пры гэтым вядома, што адбор у добраахвотніцкія падразьдзяленьні, па сутнасьці, не праводзіўся: у іх запісвалі ўсіх ахвотных, у тым ліку людзей з псыхічнымі захворваньнямі і з крымінальным мінулым.

Добраахвотніцкія батальёны, каб ваяваць ва Ўкраіне, былі сфармаваныя ў многіх рэгіёнах Расеі. Уступаць у атрады заклікалі мясцовыя ўлады і вэтэранскія арганізацыі, а ахвотным адправіцца ваяваць абяцалі вялікія грашовыя выплаты.

Раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу расказаў, што добраахвотнікамі ў расейскія войскі пайшлі 13 тысяч чалавек.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG