Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ISW: новы наступ на Ўкраіну можа пачацца ў лютым-сакавіку, напад зь Беларусі — вельмі малаімаверны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Паводле бягучай ацэнкі і прагнозу Амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Крэмль, верагодна, рыхтуецца да правядзеньня рашучых стратэгічных дзеяньняў — хутчэй за ўсё ў Луганскай вобласьці — у бліжэйшыя 6 месяцаў, накіраваных на тое, каб вярнуць ініцыятыву і спыніць цяперашні шэраг апэрацыйных посьпехаў Украіны.

У новай зводцы за 27 студзеня ISW таксама цытуе Bloomberg, які піша, што паводле інсайдэраў Крамля, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін рыхтуе новы наступ на Ўкраіну, які можа пачацца ўжо ў лютым або сакавіку 2023 году. Паводле расейскіх чыноўнікаў, дарадцаў Крамля і іншыя крыніц выданьня, Пуцін верыць, што Расея зможа выйграць вайну ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, нягледзячы на няўдачы да гэтага часу.

Паводле ISW, рашучым стратэгічным дзеяньнем Расеі ў Луганскай вобласьці можа быць альбо буйны наступ, альбо абарончая апэрацыя з мэтай разгрому ўкраінскага контрнаступу. Апошнія расейскія наземныя атакі ў Запароскай вобласьці могуць быць накіраваныя на рассейваньне ўкраінскіх сіл, адзначаюць аналітыкі.

Расея перадысьлякуе часткі 2-й мотастралковай дывізіі зь Беларусі ў Луганскую вобласьць. Гэта можа сьведчыць аб тым, што новы наступ Расеі, хутчэй за ўсё, нацэлены на Луганскую вобласьць, хоць ён таксама можа адбыцца ў раёне Вуглядару на захадзе Данецка, піша ISW.

Вельмі малаімаверна, што гэты новы наступ будзе накіраваны на поўнач Украіны з тэрыторыі Беларусі, лічаць аналітыкі Інстытута вывучэньня вайны. Паводле іх, па-ранейшаму няма прыкмет таго, што расейскія войскі фармуюць ударныя групы ў Беларусі.

Расейскія ваенныя блогеры таксама ўсё часьцей сьпісваюць ідэю паўторнага нападу на Кіеў на інфармацыйную апэрацыю і мяркуюць, што найбольш верагоднай мэтай расейскага наступу будзе ўсходняя Ўкраіна ці суседняя Харкаўская вобласьць, гаворыцца ў зводцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG