Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі супраць Беларусі і Расеі павінны быць аднолькавыя, — прэм’ер-міністарка Літвы


Інгрыда Шыманіце
Інгрыда Шыманіце

Пра гэта кіраўніца літоўскага ўраду заявіла ў інтэрвію Radio-R.

Паводле яе ёсьць разыходжаньне санкцыяў паміж Расеяй і Беларусьсю — «такая інфраструктура санкцыйная, для Расеі санкцыі больш жорсткія, чым для Лукашэнкі, пакуль што».

Прэмʼерка падкрэсьліла, што Літва ўвесь час выступае за тое, каб санкцыі былі аднолькавыя. Таму што гэта «пэўная кампрамэтацыя санкцый адносна Расеі», калі іх вельмі проста абысьці, выкарыстоўваючы Беларусь.

Шыманіце ў інтэрвію апісала міграцыйную сытуацыю. Паводле яе зараз украінцы — самая вялікая група замежнікаў у Літве. Другая група — гэта беларусы, якія ўцякаюць ад масавых рэпрэсіяў у Беларусі, цяпер іх каля 50 тысяч. Каля 15 тысяч — расейцы, палова зь якіх прыехала задоўга да вайны.

Прэмʼерка Літвы кажа, што беларусы, якія прыехалі з прычы рэпрэсіяў Лукашэнкі, — гэта «вельмі розныя людзі, якія трапіліся пад руку КДБ або міліцыі часам проста за кардонную скрыню на бальконе ў бела-чырвона-белых колерах, і для людзей была рэальная пагроза».

Яна кажа, што ніколі невядома, ці няма ў людзей, якіх катавалі або зь якімі «праводзілі гутаркі», нейкіх дамоўленасьцяў са спэцслужбамі.

«Так таксама бывае, таму Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі правярае людзей, якія цяпер імкнуцца прыбыць у Літву. Але гуманітарныя візы да гэтага часу існуюць, таму што да гэтага часу ёсьць людзі, якім пагражае турма і катаваньні. Мы лічым сябе эўрапейскай краінай, і мы абавязаныя дапамагаць», — кажа кіраўніца літоўскага ўраду.

Што тычыцца расейцаў, якія зьбеглі ад мабілізацыі ў Расеі, то наконт іх у спадарыні Шыманіце іншы пункт гледжаньня. Яна лічыць, што было б няправільна іх прымаць як палітычных уцекачоў.

«Таму што тыя людзі, якім вайна Пуціна ОК, пакуль яна ідзе ў іх у тэлевізары (тады „Расея перамагае“, „мы лепшыя за ўсіх“ і да таго падобнае), а калі да цябе прыходзіць ваенкамат і кажа: на табе стрэльбу, ці ўвогуле без стрэльбы шуруй кудысьці ў Луганскую вобласьць перад заградатрадамі, гэта ўжо іншая справа. Я лічу, што гэта проста страх за сваё цела, а не палітычная пазыцыя», — кажа яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG