Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завабіць, каб кінуць за краты. Пастка вяртаньня ў Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Невядомыя публічныя прыклады, калі б палітэмігранты вярнуліся ў Беларусь і атрымалі ад уладаў дараваньне. А выпадкаў, калі траплялі за краты — шмат. Гэта робіць абсурднымі ўсе прапановы наконт вяртаньня.

Сьцісла

  • Лукашэнка чарговым разам прапанаваў палітэмігрантам вяртацца, але пры ўмове, што яны стануць «большымі ябацькамі», чым тыя, хто цяпер жыве ў Беларусі.
  • Тое самае ён прапаноўваў год таму ў штогадовым пасланьні. За гэты год было шмат выпадкаў, калі палітэмігрантаў, якія вярнуліся, прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці і адпраўлялі за краты.
  • За гэты ж час не было ніводнага публічна агучанага выпадку, калі б палітэмігрант добраахвотна вярнуўся, пакаяўся і атрымаў дараваньне.
  • Незразумела, каго можа прывабіць такая практыка.
  • Ня выключана, што гэтая абсурдная сытуацыя ўзьнікла з прычыны супярэчлівых інтарэсаў розных бюракратычных ведамстваў.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заклікаў беларусаў-эмігрантаў вяртацца. Праўда, зноў абставіў гэтае вяртаньне жорсткімі ўмовамі. Паводле яго, міласьць будзе аказаная толькі тым, хто «будзе ябацькамі яшчэ большымі, чым тыя, хто нас атачае».

Сёньня ж было абвешчана аб стварэньні адмысловай камісіі на чале з генэральным пракурорам Андрэем Швэдам: яна будзе займацца разглядам спраў эмігрантаў, якія жадаюць вярнуцца.

З улікам практыкі, якая склалася, і чарговая прапанова Лукашэнкі, і стварэньне адмысловай камісіі ўражваюць найперш абсурднасьцю.

Насамрэч падобныя прапановы і заклікі гучаць не ўпершыню. Год таму ў штогадовым пасланьні Лукашэнка сфармуляваў і ўмовы для эмігрантаў: «Кайцеся, паўзіце на каленях». Па сутнасьці, формула «прымірэньня» і праз год не зьмянілася. І які вынік?

Варта сказаць, што за гэты час да многіх эмігрантаў зьвярталіся пэрсанальна. Па некаторых зьвестках, праграма «Вяртаньне дамоў» дзейнічае нават з 2021 году.

Зь іншага боку, днямі кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Беларусі Анатоль Лапо заявіў, што пры ўезьдзе ў Беларусь летась за «экстрэмізм» затрымалі звыш 50 чалавек.

Гэтыя выпадкі як бы і не супярэчаць агульнаму падыходу: гаварылася ж і гаворыцца, што даруюць ня ўсім, што за цяжкую віну давядзецца несьці адказнасьць. Але адметна, што ў публічнай сфэры не назіраецца ня тое што больш, ня тое што столькі ж — няма ніводнага адваротнага выпадку: каб палітычны эмігрант добраахвотна вярнуўся, пакаяўся, яму даравалі і ён жыве сабе ў Беларусі спакойна і на свабодзе.

Па сутнасьці, заўважны, «гучны» адваротны выпадак толькі адзін — маляўнічыя пакаяньні Рамана Пратасевіча і як вынік «вольнае» жыцьцё, якое ён цяпер вядзе. Але яго «вяртаньне» добраахвотным не назавеш ніяк. А добраахвотных «пратасевічаў» не прыгадаеш ніводнага.

Некаторыя з тых 50 «вяртанцаў-экстрэмістаў», пра якіх казаў спадар Лапо, каяліся. Але гэта ім не дапамагло.

Па ідэі, улады былі б усяляк зацікаўленыя ў максымальна шырокім распаўсюдзе інфармацыі пра выпадкі пакаяньняў і дараваньняў, калі б такія былі. Вялікая (ці хоць якая) іх колькасьць магла б і прывабіць некага з палітычных эмігрантаў: маўляў, вось паказалі ж па БТ, што і гэты вярнуўся і яму даравалі, і той, і многія: пакаюся і я — і мне даруюць.

Але ж няма такіх публічных прыкладаў, як той казаў, ад слова «зусім». Дык што, якія прэцэдэнты могуць нават тэарэтычна прывабіць хоць каго, хоць якога чалавека, нават калі ён вельмі сумуе па бацькаўшчыне і жыве за мяжой у няпростых умовах?

Уся публічна агучаная практыка апошняга году сьведчыць пра тое, што шлях тых, хто вяртаецца — гэта шлях за краты, і толькі туды. Каго гэта можа завабіць?

Абстрактна кажучы, можа і ёсьць выпадкі, калі эмігрант вярнуўся, таемна пакаяўся, улады яму даравалі, пры гэтым захаваўшы таямніцу пакаяньня, а сам ён ціхенька, як мыш пад венікам, жыве ў Беларусі на свабодзе. Але гэта неяк занадта мудрагеліста, каб быць рэальнасьцю. Навошта было б уладам трымаць у таямніцы выпадкі дараваньня за пакаяньне, калі б яны былі?

Ну, і няма пра такія выпадкі паведамленьняў ні ў СМІ, ні ў сацсетках, ні на ўзроўні чутак. А калі няма, то зноў жа — чым прывабіць палітэмігрантаў да вяртаньня, калі выпадкаў бясьпечнага вяртаньня — нуль?

Безумоўна, ёсьць выпадкі вяртаньня, магчыма, іх і нямала, але — непалітычнага. Нядаўна «Зеркало» апублікавала ананімныя інтэрвію зь некалькімі ІТшнікамі, якія зьяжджалі зь Беларусі і вярнуліся.

Магчыма, яны расказалі «Зеркалу» ня ўсё. Але з адказаў вынікае, што ў палітыку апошніх гадоў яны не былі ангажаваныя. Яны ўсьведамляюць палітычныя рызыкі вяртаньня, але не таму, што мелі хоць якое дачыненьне да пратэстаў. Нават з пункту гледжаньня ўладаў менавіта ім няма ў чым каяцца. І «шчодрая» прапанова Лукашэнкі адрасаваная ня ім.

А з тымі, каму яна адрасаваная, сытуацыя такая, як апісана вышэй: выпадкаў дараваньня палітычным «вяртанцам» — ніводнага, выпадкаў турмы для іх — шмат, і іх не хаваюць.

Адназначнага тлумачэньня гэтага абсурду ў мяне няма. Але можна прапанаваць інтэрпрэтацыю ў рамках бюракратычнай мадэлі палітыкі. Любая палітычная сыстэма — нават самая дыктатарская і пэрсаналісцкая — гэта менавіта сыстэма, у тым ліку і сыстэма бюракратычных інстытутаў. А інтарэсы ў іх хоць і не супрацьлеглыя, але не канечне тоесныя. Гэта не падзел на кланы ці на «галубоў» і «ястрабаў», гэта падзел па функцыях.

І ня выключана, што нейкія падразьдзяленьні адміністрацыі, якія рыхтуюць палітычныя рашэньні, і, скажам, МЗС лічаць, што добраахвотныя пакаяньні «вяртанцаў»-эмігрантаў стваралі б больш пераканаўчае ўражаньне перамогі і народнага адзінства, чым пакаяньні, выбітыя катамі ГУБАЗіКа. А іх калегі-сілавікі ня тое што гэтаму пярэчаць, але мяркуюць, што ворагаў трэба толькі караць, калі толькі можна да іх дацягнуцца. Гэтую думку летась сфармуляваў генпракурор Швед на нарадзе ў Лукашэнкі па пытаньні амністыі.

У выніку атрымалася спалучэньне абодвух ведамасных падыходаў. Кожны зь іх унутры сябе па-свойму лягічны. Але вынік абсурдны: эмігрантаў завабліваюць у краіну, выключна каб пасадзіць.

Кожны выконвае сваю справу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG