Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі адказаў кіраўніцы ўраду Літвы наконт пропуску грузавікоў


Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў
Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў

Міністэрства замежных справаў Беларусі заклікае Літву скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы.

Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара МЗС Руслана Варанкова. Паводле яго, «аб прыняцьці якіх-небудзь паасобных захадаў ня можа быць і гаворкі».

Прадстаўнік МЗС Беларусі адзначыў, што Лідзкі памежны атрад атрымаў зварот ад Літвы наконт пропуску грузавікоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

«Літоўскія СМІ наперабой цытуюць заяву прэмʼер-міністра Літоўскай Рэспублікі спадарыні Інгі Ругінене аб перамовах зь Беларусьсю наконт вяртаньня літоўскіх грузавых транспартных сродкаў, якія знаходзяцца цяпер на нашай тэрыторыі.

Сапраўды, адпаведны зварот, калі яго можна назваць афіцыйным зваротам у адрас Менску, накіраваны кіраўніцтву Лідзкага памежнага атраду. У сувязі з гэтым нагадваем, што рашэньне аб закрыцьці мяжы было прынята выключна літоўскім бокам у аднабаковым парадку.

Беларусь не нясе адказнасьці за яго нэгатыўныя наступствы, якія аказаліся шматграннымі — ад праблем з грузавым транспартам да істотнай шкоды, нанесенай ня толькі беларускім грамадзянам і бізнэсу, самому літоўскаму боку, але і грамадзянам трэціх краін, уключаючы дзяржавы ЭЗ», — заявіў Варанкоў.

Літоўская нацыянальная асацыяцыя аўтамабільных перавозьнікаў LINAVA раней заявіла, што тысячы грузавікоў і паўпрычэпаў зь Літвы ўсё яшчэ затрымліваюцца ў Беларусі.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла 5 лістапада, што ўрад шукае рашэньні, але, нягледзячы на цяперашнюю сытуацыю, памежныя пераходы зь Беларусьсю адкрытыя ня будуць.

«Мы шукаем рашэньне. Я ведаю, што ў міністра ўнутраных справаў дадатковая сустрэча наконт гэтага пытаньня, таму мы як урад павінны прыняць рашэньне і дазволіць некаторым нашым літоўскім грузавікам вярнуцца ў Літву», — сказала Інга Ругінене журналістам, яе цытуе LRT.

«Мяжа ня будзе адкрытая», — запэўніла прэм’ер-міністарка Літвы.

Як паведамлялася раней, LINAVA ня раз зьвярталася да Ругінене наконт сытуацыі зь літоўскімі грузавікамі ў Беларусі і на мяжы зь Літвой. Паводле зьвестак асацыяцыі, у Літву не дапускаюцца 2 тысячы грузавікоў і 3 тысячы паўпрычэпаў, якімі кіруюць асобы, што маюць права вяртацца ў Літву.

Прадстаўнікі перавозьнікаў патрабуюць ад ураду тэрміновых дзеяньняў для разьвязаньня сытуацыі і прапануюць тэрмінова правесьці сустрэчу з кіраўніцай ураду.

Пасьля наплыву кантрабандных паветраных балёнаў у кастрычніку Кабінэт міністраў Літвы вырашыў закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц — да 30 лістапада.

Апошнія памежныя пункты ў Медніках і Салечніках закрыліся, але было вырашана рабіць выняткі для грамадзян Літвы і асобаў з часовым дазволам на жыхарства, якія вяртаюцца ў Літву,

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG