Журналісты ZN.ua пішуць, што атрымалі ў распараджэньне кантракт паміж Мінабароны Ўкраіны і таварыствам з абмежаванай адказнасьцю «Актыў компані» коштам каля 13 мільярдаў грыўняў (больш як 320 млн.даляраў) на паслугі арганізацыі харчаваньня ў 2023 годзе вайсковых частак, дысьлякаваных у шасьці абласьцях.
Кошты ў кантракце:
- яйкі па 17 грн за штуку, у той час як раздробны кошт у краме Кіева цяпер каля 7 грн за штуку;
- бульба па 22 грн за кіляграм, у той час як раздробны кошт у краме складае 8-9 грн;
- курынае сьцягно па 120 грн за кіляграм, а ў краме — 80 грн.
Журналісты параўналі кошты закупак для войска з раздробнымі коштамі, а яны апрыёры вышэйшыя за аптовыя, па якіх павінны закупляцца такія прадукты.
Ад камэнтароў для журналістаў у Міністэрстве абароны адмовіліся. Пазьней стала вядома, што кіраўніцтва Мінабароны выклікалі ў Вярхоўную Раду з прычыны скандалу з закупкай прадуктаў для ЎСУ, паведаміла намесьніца камітэту Вярхоўнай Рады ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, абароны і выведкі Марыяна Бязугла. Паседжаньне павінна адбыцца ў закрытым рэжыме.
Паведамляецца таксама, што Дзяржаўная аўдытарская служба Ўкраіны ўжо занялася праверкамі ў Міністэрстве абароны.
- «Актыў компані» мае статутны капітал усяго ў тысячу грыўняў. У 2021 годзе падатковая служба анулявала ў «Актыў компані» пасьведчаньне плацельшчыка ПДВ праз адсутнасьць паставак і непрадстаўленьне дэклярацыяў.
- Дамову з кампаніяй ад імя міністэрства падпісаў у сьнежні летась дырэктар дэпартамэнту дзяржзакупак Міністэрства абароны Ўкраіны Багдан Хмяльніцкі.
- Прэыздэнт Уладзімір Зяленскі яшчэ летась у чэрвені распарадзіўся, каб Кабінэт міністраў Украіны разабраўся і даклаў яму пра сытуацыю з харчаваньнем у войску.