У адной з сацыяльных сетак зьявілася відэа, на якое трапіў канфлікт настаўніцы з вучнем. Спачатку настаўніца адчытвае за нешта школьніка, чуваць, што яна ў стане моцнай эмацыйнай узрушанасьці. А затым, мяркуючы па гуку (на відэа гэта не паказана) дае яму аплявуху, паведамляе мясцовае выданьне «Наш край».
На запісе ўказваецца, што інцыдэнт адбыўся ў сярэдняй школе № 17 горада Баранавічы. Па камэнтар «Наш край» зьвярнуўся да начальніка ўпраўленьня па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Тацяны Шастак.
«На жаль, гэты выпадак сапраўды быў, ён адбыўся вясной мінулага года, — расказала Шастак. — Магу сказаць, што інцыдэнт неадназначны. Да высьвятленьня ўсіх абставін здарэньня настаўнік часова адхілена ад працы».
Бацькі ж школьніка прынялі бок настаўніка.
«Я заўсёды буду на баку пэдагога, я выдатна разумею, якія складаныя цяпер дзеці, як многа яны сабе дазваляюць, — выказалася маці вучня. — Сын расказаў мне пра тое, што пасварыўся з кляснай, яшчэ тады, у траўні. Аднак аб прычыне змаўчаў. Пра гэта стала вядома ўжо цяпер. Я разумею, што ён сам вінаваты ў гэтым канфлікце, што ён яе справакаваў.
Ён па характары жвавы, ды яшчэ і пераходны ўзрост накладвае свой адбітак на паводзіны. Я чула, што настаўніцу адхілілі ад працы і справа можа дайсьці да звальненьня. Хачу сказаць, што мы з бацькам катэгарычна супраць гэтага. І калі дойдзе да звальненьня, будзем пісаць лісты ў абарону пэдагога».
Сам школьнік, якія ўдзельнічаў у канфлікце на відэа, сказаў, што хацеў бы, каб пра выпадак не было вядома.
«Калі шчыра, я не думаў пра тое, што ў той гісторыі могуць быць такія наступствы, што пра гэта стане так шырока вядома, — сказаў ён. — Сёньня я шкадую, што справакаваў канфлікт. Такая „слава“ не патрэбна ні мне, ні настаўніку, ні нашай школе».