Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У новай Беларусі большасьць дзяржаўных прадпрыемстваў будзе прыватызаваная». Што Ціханоўская сказала пра эканоміку на Форуме ў Давосе


Сьвятлана Ціханоўская на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, 17 студзеня 2022
Сьвятлана Ціханоўская на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, 17 студзеня 2022

«Мы не баімся эканамічных выклікаў, зь якімі сутыкнецца новая Беларусь», — заявіла падчас свайго выступу дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе.

«Мы пабудуем эканоміку заўтрашняга дня»

«Беларусь — гэта частка Эўропы. І гэта тычыцца ня толькі геаграфіі. Мы падзяляем эўрапейскія каштоўнасьці. Мы частка эўрапейскай гісторыі і частка эўрапейскага бачаньня. Я кажу і пра геапалітычнае, і пра эканамічнае бачаньне», — сказала Сьвятлана Ціханоўская на эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя).

Палітык падкрэсьліла, Беларусь заўсёды будзе часткай вялізнай эўрапейскай эканомікі:

«Калі ў маёй краіне адбудуцца дэмакратычныя зьмены, краіны Эўрапейскай эканамічнай зоны будуць нашымі галоўнымі партнэрамі ў гандлі і інвэстыцыях».

Ціханоўская паведаміла, што яе эканамічная каманда працуе над вельмі неабходнымі эканамічнымі рэформамі для будучай Беларусі.

«Эканоміка Беларусі будзе будавацца на моцным інавацыйным прыватным сэктары. Бізнэсах, якія будуць ствараць працоўныя месцы, плаціць падаткі і спрыяць фармаваньню моцнай сярэдняй клясы.

Мы пабудуем эканоміку заўтрашняга дня, дзе і беларускім, і замежным інвэстарам будзе нашмат прасьцей запускаць і весьці бізнэс. Мы абавязкова прымем на ўвагу найлепшыя прыклады эканамічных рэформаў, у тым ліку ў Польшчы, Эстоніі, Ізраілі, Сынгапуры і іншых краінах.

Але нам давядзецца прайсьці яшчэ большы шлях, каб зрабіць у Беларусі адзін з самых прывабных бізнес-кліматаў у Эўропе і сьвеце», — заявіла Ціханоўская і зазначыла, што яе каманда не баіцца эканамічных выклікаў, зь якімі сутыкнецца новая Беларусь.

«Дзяржаўныя прадпрыемствы будуць ацэненыя, і большасьць зь іх будзе прыватызаваная»

«Мы ўжо ведаем, што рабіць, каб іх [эканамічныя выклікі] пераадолець:

  • Па-першае, нам трэба будзе шмат папрацаваць, каб зьняць санкцыі зь Беларусі. Па-другое, мы пачнем глыбокія рэформы ў лібэралізацыі для стымуляваньня разьвіцьця прыватнага сэктару і нізкавугляроднай зялёнай эканомікі, прыцягненьня замежных інвэстараў.
  • Па-трэцяе, мы будзем імкнуцца да лібэралізацыі замежнага гандлю шляхам падпісаньня пагадненьняў аб зоне свабоднага гандлю з нашымі ключавымі гандлёвымі партнэрамі, у тым ліку з Эўразьвязам.
  • Па-чацьвёртае, дзяржаўныя прадпрыемствы будуць ацэненыя, і большасьць зь іх будуць прыватызаваныя, у той час як на некаторых адбудуцца сур’ёзныя зьмены ў кіраваньні.
  • Нарэшце, з самага першага дня пераходу мы пачнем глыбокія інстытуцыянальныя рэформы, уключаючы рэформу судовай сыстэмы, рэформу адукацыі і рэформу дзяржаўнага кіраваньня», — сказала дэмакртатычная лідэрка Беларусі.

Яна нагадала, што Эўразьвяз гатовы надаць пакет эканамічнай падтрымкі для запуску гэтых рэформаў.

«Эўракамісія ўжо гарантавала будучай дэмакратычнай Беларусі 3 мільярды эўра падтрымкі. Іншыя дэмакратычныя краіны, такія як ЗША, Канада і Вялікая Брытанія, а таксама міжнародныя арганізацыі таксама акажуць сваю фінансавую падтрымку, каб гарантаваць, што рэформы будуць глыбокімі і ўсёабдымнымі.

Многія таленавітыя беларусы вернуцца на радзіму ў якасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыватных інвэстараў і бізнэсоўцаў. У новай Беларусі кожны бізнэс будзе належным чынам улічвацца і паважацца дзяржавай. І гэтыя бізнеэсы ня толькі прынясуць дабрабыт краіне, але і абароняць нас ад дыктатуры, — сказала палітык. — Але гэта ў будучыні. Будучыні, за якую сёньня змагаюцца беларусы.

Сёньня ж узровень тэрору ў Беларусі толькі пагаршаецца. Толькі за мінулы год было заведзена каля 5000 палітычна матываваных крымінальных справаў. Кожны дзень у сьпісах затрыманых зьяўляецца каля 17 новых імёнаў».

«Праз рэпрэсіі пасьля жніўня 2020 году краіну мусілі пакінуць больш за 200 тысяч беларусаў»

Ціханоўская падкрэсьліла, што сёньня ў Беларусі няма такіх людзей, якія б маглі адчуваць сябе ў бясьпецы. Тыя, хто яшчэ кіруе сваім бізнэсам, кожны дзень сутыкаюцца з рызыкай быць затрыманымі па абсурдных абвінавачаньнях і страціць яго.

«Узяць у закладнікі бізнэсоўцаў і топ-мэнэджараў толькі дзеля таго, каб яны заплацілі дзяржаве выкуп, — звычайная практыка для рэжыму. Ад рэпрэсій пасьля жніўня 2020 году краіну мусілі пакінуць больш за дзьвесьце тысяч беларусаў(...) Яны могуць стаць каштоўнымі партнэрамі і добрымі падаткаплатнікамі для дэмакратычных краінаў. Яны могуць прынесьці не толькі фінансавыя дывідэнды, ня толькі стварыць новыя працоўныя месцы, але і падзяліцца досьведам у бізнес-супольнасьцях».

Ціханоўская зазначыла, што менавіта з такімі беларусамі важна будаваць партнэрскія адносіны, а не з рэжымам.

«Заклікаю ўлады іншых краінаў прыняць беларускіх бізнэсоўцаў»

Любыя адносіны зь афіцыйным Менскам, паводле Ціханоўскай, толькі адкладаюць мэту беларусаў пабудаваць свабодную, пасьпяховую дэмакратычную дзяржаву. Палітык заклікала замежных лідэраў спыніць любыя сувязі зь бізнэсамі і людзьмі, блізкімі да Лукашэнкі, і наладжваць сувязі з сумленным бізнэсам дэмакратычнай Беларусі.

«Я заклікаю ўлады іншых краінаў прыняць беларускіх бізнэсоўцаў. Я заклікаю міжнародныя кампаніі браць на працу беларусаў і беларусак. Я заклікаю міжнародныя арганізацыі і палітычных дзеячаў дапамагчы нам у вырашэньні ключавых праблемаў беларускага бізнэсу».

Дэмакратычная лідэрка Беларусі таксама вылучыла тры асноўныя праблемы на сёньня:

  • 1) рост попыту на візы для пераезду працадаўцаў, супрацоўнікаў і іх семʼяў;
  • 2) складанасьці пры адкрыцьці і вядзеньні банкаўскіх рахункаў;
  • 3) абмежаваны доступ да фінансаваньня і інвэстыцый з-за адсутнасьці крэдытнай гісторыі.

«Ліквідацыя гэтых праблемаў дазволіць нашым сумленным прадпрымальнікам застацца ў бізнэсе і быць гатовымі працягваць працу ў новай дэмакратычнай Беларусі. Можна толькі ўявіць, чаго яны дабʼюцца, калі ў Беларусі створацца спрыяльныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу і не будзе страху ўсё страціць.

Я ганаруся беларускім бізнэсам. І я зраблю ўсё магчымае, каб і беларускія бізнэсы па ўсім сьвеце маглі ганарыцца сабой і сваёй краінай.

Я ўдзячная тым, хто ўжо дапамагае нам. Разам мы робім гісторыю Беларусі і Эўропы. І я зь нецярпеньнем чакаю сустрэчы з вамі ў новай Беларусі, якую, як мы верым, мы пабудуем вельмі хутка», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG