На афіцыйным сайце прэзыдэнта Ўкраіны зарэгістравалі ініцыяваную дэпутатам парлямэнту Аляксеем Ганчарэнкам пэтыцыю аб неабходнасьці разрыву дыпляматычных дачыненьняў зь Беларусьсю.
«Пасьля фальсыфікацыі выбараў у 2020 годзе Беларусь знаходзіцца пад уладай дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Цяпер краіна дэ-факта страціла дзяржаўнасьць і незалежнасьць і знаходзіцца пад поўным кантролем Расеі», — адзначаецца ў пэтыцыі.
У ініцыятыве адзначаецца, што 24 лютага 2022 году Беларусь стала пляцдармам для наступу расейскіх войскаў на Кіеў. Цяпер у Беларусі знаходзяцца каля 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў, а таксама расейская вайсковая тэхніка і самалёты.
«З тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ ёсьць пагроза наступу. Лукашэнка працягвае рабіць недвухсэнсоўныя заявы, пагражаючы ўладзе Ўкраіны і нагнятаючы сытуацыю вакол наступу. І адначасова з гэтым у Менску знаходзіцца ўкраінскі пасол і мы захоўваем дыпляматычныя дачыненьні зь нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», — гаворыцца ў пэтыцыі.
За некалькі хвілін пад пэтыцыяй падпісаліся больш за 200 грамадзян.
Паводле заканадаўства, у выпадку, калі пэтыцыю падтрымаюць 30 тысяч грамадзян, яе абавязаны разгледзець прэзыдэнт Украіны.
У кастрычніку 2022 году Ўладзімір Зяленскі даручыў Кабінэту міністраў Украіны разгледзець пытаньне аб увядзеньні візавага рэжыму зь Беларусьсю. Такія даручэньні ўкраінскі прэзыдэнт зрабіў пасьля таго, як пэтыцыю з такімі прапановамі, зарэгістраваную 4 ліпеня, падпісалі больш за 30 тысяч грамадзян.