Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Сэрбіі Вучыч заклікаў Расею спыніць вярбоўку сэрбаў на вайну супраць Украіны


Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч заявіў, што Расея павінна спыніць спробы вэрбаваньня сэрбаў для ўдзелу ў ваенных дзеяннях на баку ПВК «Вагнэра» ва Ўкраіне.

Аляксандар Вучыч скрытыкаваў расейскія сайты і групы ў сацыяльных сетках за публікацыю абʼяў на сэрбскай мове, у якіх група «Вагнэра» заклікае добраахвотнікаў уступаць у яе шэрагі, піша Reuters.

«Чаму вы, з „Вагнэра“, клічаце кагосьці з Сэрбіі, калі ведаеце, што гэта супярэчыць нашым правілам?» — сказаў Аляксандар Вучыч.

Сэрбскія добраахвотнікі ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях на баку прарасейскіх сіл ва Ўкраіне ў 2014 і 2015 гадах. Ніхто ня ведае дакладных лічбаў, але з 2014 году ваяваць ва Ўкраіне запісаліся дзясяткі сэрбаў. Заканадаўства Сэрбіі забараняе ўдзел сваіх грамадзян у канфліктах за мяжой, і некалькі чалавек былі за гэта асуджаныя.

Вучыч адмаўляў абвінавачваньні ў тым, што група Вагнэра, якую ўзначальвае Яўген Прыгожын, блізкі саюзьнік прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, мае прысутнасьць у Сэрбіі, дзе пракрамлёўскія і ультранацыяналістычныя арганізацыі падтрымалі ўварваньне ва Ўкраіну.

Міністар унутраных спраў Сэрбіі Мілаш Вучэвіч 16 студзеня заявіў, што цывільныя і вайсковыя спэцслужбы краіны вывучаюць і правяраюць інфармацыю пра магчымы ўдзел сэрбаў на баку Расеі ў вайне супраць Украіны.

Інфармацыя пра ўдзел сэрбаў у вайне ва Ўкраіне на баку Расеі пачала распаўсюджвацца ў сацсетках зь сярэдзіны студзеня. Тады ў расейскім «УКантакце» зьявіліся фота зь нібы сэрбскімі баевікамі, якія прыбылі ў Запароскую вобласьць.

У паведамленьні «ЎКантакце» сьцьвярджалася, што сэрбы прыехалі ва Ўкраіну ў парушэньне закону і ўступілі ў так званы «батальён імя Паўла Судаплатава». Адначасова ў Telegram пачалі распаўсюджвацца відэа зь нібыта сэрбскімі баевікамі, якія заяўляюць, што прыехалі ва Ўкраіну «дапамагаць нашым братам».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG