У студзені, пасьля абвяшчэньня пра ўзяцьце Салядару, уладальнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын прадставіў публіцы чалавека, які, як сьцьвярджаецца, камандаваў апэрацыяй. Раскрыты быў толькі яго пазыўны — Лотас. Яго імя не называлася, аднак пазьней праваенныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што камандзір узнагароджаны званьнем Героя Расеі.
Як высьветліў цэнтар «Дасье», Елізараву 41 год, ён скончыў Ульянаўскую гвардзейскую сувораўскую вайсковую вучэльню і Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню. Па дадзеных расьсьледнікаў, служыў ён у ПДВ і ў спэцназе ГРУ.
У 2014 годзе суд прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна і штрафу за махлярства пры прыватызацыі службовай кватэры. Елізараў судзіўся зь Міністэрствам абароны, але ў выніку справу прайграў і быў выселены з кватэры ў 2016 годзе. У тым жа годзе ён падпісаў кантракт з ПВК «Вагнэр». Іх навучальны цэнтар у Молькіне ў Краснадарскім краі разьмешчаны на базе падразьдзяленьня спэцназу, дзе служыў вайсковец.
Па дадзеных «Дасье», вагнэравец ваяваў у складзе расейскай арміі на Каўказе, а ў складзе ПВК «Вагнэр» — у Сырыі і Лібіі. Акрамя таго, ён працаваў інструктарам у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы. У верасьні 2022 году Елізараў зьяўляўся на публіцы з трыма ўзнагародамі — зоркай Героя Расеі, зоркай Героя так званай «ДНР» і Героя так званай «ЛНР».
Генштаб УСУ ў пятніцу, 13 студзеня, адмовіўся пацьвярджаць, што Салядар перайшоў пад кантроль расейскіх вайскоўцаў, а ўкраінскія часткі пакінулі горад, як пра тое ў той жа дзень заявіла Мінабароны РФ. Прадстаўнікі ПВК «Вагнэр» абвясьцілі пра ўзяцьце гораду яшчэ 11 студзеня.
Пра тое, што Салядар, падобна, захоплены расейскімі войскамі, у мінулую пятніцу, 13 студзеня, напісалі і экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).