Італьянскія ўлады затрымалі Матэо Месыну Дэнара, які лічыцца босам мафіёзнай групоўкі «Коза ностра», паведамляе агенства ANSA.
Кіраўніка мафіі арыштавалі ў прыватнай клініцы ў Палерма, дзе ён праходзіў лячэньне. У спэцапэрацыі ўдзельнічалі некалькі дзясяткаў байцоў спэцыяльнай групы, якія ў тым ліку гарантавалі бясьпеку іншых пацыентаў клінікі.
Дэнара хаваўся ад правасуддзя каля 30 гадоў. Яму завочна прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне ў справе аб забойстве ў 1992 годзе змагароў з мафіяй Джавані Фальконэ і Паола Барселіна. Кіраўніку мафіі былі таксама выстаўленыя абвінавачаньні ў арганізацыі сэрыі выбухаў у Міляне, Рыме і Флярэнцыі, якія прывялі да гібелі дзесяці чалавек.
«Гэта вялікая перамога дзяржавы, якая дэманструе, што ўрад не здаецца перад тварам мафіі», — пракамэнтавала арышт Дэнара прэмʼер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні.
Матэо Дэнара быў апошнім мафіёзным босам «першай велічыні», якога шукалі італьянскія спэцслужбы. Трыццаць гадоў таму быў затрыманы іншы кіраўнік сыцылійскай мафіі — Тота Рыіны па мянушцы «Зьвер», у 2016 годзе — яго пераемнік Бернарда Правэнцана. Мяркуецца, што нават на ўцёках Матэо Дэнара адыгрываў кіроўную ролю ў крымінальных структурах краіны.