Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіць на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе. Што ў праграме?

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

У рамках форуму адбудзецца дыскусія, цалкам прысьвечаная Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе 16–19 студзеня, дзе прадстаўляе Аб’яднаны пераходны кабінэт і дэмакратычныя сілы Беларусі.

Акрамя Ціханоўскай, удзел у форуме возьмуць лідэры 52 дзяржаваў і каля 600 гендырэктараў міжнародных кампаній і карпарацый, піша яе прэс-служба.

У асноўнай праграме швайцарскага форуму Ціханоўская выступіць двойчы:

  • 17 студзеня на тэму «Ў абарону Эўропы» разам з прэзыдэнтамі Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і міністрам замежных справаў Гішпаніі;
  • 19 студзеня на тэму жаночага лідэрства з удзелам віцэ-прэм’еркі Канады Крысьці Фрылянд і губэрнатаркі штату Мічыган Грэтчэн Уітмэр. Беларуская палітык раскажа пра ролю жанчын у беларускім пратэсьце і грамадзянскай супольнасьці.
  • У рамках неасноўнай праграмы форуму 19 студзеня адбудзецца дыскусія на тэму беларускага бізнэсу і эканамічнай пэрспэктывы для беларусаў. Магчыма, гэта ўпершыню ў гісторыі Давосу — дыскусія, цалкам прысьвечаная Беларусі. Сьвятлана Ціханоўская падзеліцца бачаньнем дэмакратычных сілаў аб разьвіцьці і падтрымцы прыватнага сэктару Беларусі і будучых эканамічных рэформаў.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская правядзе шэраг двухбаковых сустрэч, у тым ліку з прэм’ерам Бэльгіі Аляксандрам дэ Кро, кіраўніцтвам Эўракамісіі, міністрамі замежных справаў Гішпаніі і Нідэрляндаў Вопке Гукстрам і Хасэ Мануэлем Альварэсам адпаведна, сьпікерам швайцарскага парлямэнту, вядомым фінансістам Білам Браўдэрам, прэзыдэнтам Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, а таксама іншымі асобамі.

У Ціханоўскай заплянаваныя інтэрвію з Financial Times, Reuters, Bloomberg, AP, AFP, BBC, Al Jazeera, DW і іншымі сусьветна вядомымі СМІ.

На форуме абмяркуюць праблемы дыскрымінацыі беларускага бізнэсу за мяжой

У найбуйнейшым сусьветным эканамічным форуме, які праводзіцца ў Давосе 16-20 студзеня, возьме ўдзел дэлегацыя Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой ABBA для абмеркаваньня ў партнэрстве са Сьвятланай Ціханоўскай iснуючых праблем беларускіх бізнэсмэнаў за мяжой, сярод якіх візавыя пытаньні, банкаўскае абслугоўваньне, доступ да фінансаваньня і праграм падтрымкі, легалізацыя і іншыя.

19 студзеня у рамках Давоскага форуму адбудзецца панэльная дыскусія на тэму беларускага бізнэсу і эканамічнай пэрспэктывы для беларусаў. Упершыню ў гісторыі Давоса гэта дыскусія цалкам прысьвечаная Беларусі. На ёй Сьвятлана Ціханоўская падзеліцца бачаньнем дэмакратычных сілаў па разьвіцьці і падтрымцы прыватнага сэктару Беларусі і будучых эканамічных рэформаў. Прадстаўнікі дэлегацыі ABBA выступяць з дакладамі аб становішчы беларускага бізнэсу за мяжой, абазначаць галоўныя праблемы і прапануюць шляхі іх вырашэньня.

Для больш поўнага абмеркаваньня на форуме ўсяго кола праблем асацыяцыя ABBA просіць бізнэсоўцаў, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй пры вядзеньні бізнэсу за мяжой, напісаць пра гэта на электронны адрас: info@abbabusiness.org.

Асацыяцыя АВВА абяцае, што звароты будуць прааналізаваныя, абагульнены, і найбольш частыя будуць вынесены на абмеркаваньне з замежнымі партнэрамі, прадстаўнікамі дзяржаўных органаў і дзелавых устаноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG